Беларуская Служба

Макей: Грамадства можа паставіць перад кіраўніцтвам пытанне аб мэтазгоднасці саюза з Расіяй

17.10.2019 12:01
Міністр замежных спраў Беларусі супакойваў, што ў паглыбленні інтэграцыі з Расіяй ніякай небяспекі для суверэнітэту краіны няма.
Дзяржаўны сцяг Беларусі1966666/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Беларусі ёсць заканадаўчыя механізмы, якія дазваляюць грамадству паставіць перад кіраўніцтвам краіны пытанне аб мэтазгоднасці захавання Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Але ні здаваць, ні прадаваць суверэнітэт ніхто не збіраецца, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 16 кастрычніка ў інтэрв'ю БелаПАН, tut.by, nn.by, беларускай службе „Радыё Свабода” і „Еўрапейскаму радыё для Беларусі”.

На пытанне, ці не лепш адмовіцца ад саюза з Расіяй і дамаўляцца з ёй проста як з суседняй дзяржавай, а таксама ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, Макей адказаў: „Існуюць адпаведныя міжнародныя пагадненні, якія мы абавязаліся выконваць, — гэта нармальна”.

У той жа час, дадаў ён, „калі грамадства палічыць немэтазгодным існаванне таго ці іншага пагаднення, грамадства можа падняць пытанне і паставіць яго перад кіраўніцтвам дзяржавы(…)Таму, калі сапраўды большасць людзей палічыць гэта немэтазгодным, то такое пытанне можа быць узнятае і пастаўленае перад кіраўніцтвам краіны”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Каментуючы асцярогі з нагоды таго, што падпісанне праграмы так званай паглыбленай інтэграцыя з Расіяй пацягне для Беларусі страту суверэнітэту і незалежнасці, Макей запэўніў: усё робіцца ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі.

„Я абсалютна не бачу ніякай небяспекі для Беларусі. Ужо шмат разоў было заяўлена наконт таго, што не трэба баяцца, што нехта будзе здаваць свой суверэнітэт ці прадаваць яго,” - сказаў Макей.

Міністр таксама адзначыў, што ў краіне нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія „не бачаць сябе ў іншай дзяржаве”, акрамя як „у незалежнай і суверэннай Беларусі”.

аз