Беларуская Служба

Алесь Бяляцкі: Беларускія выбары праходзяць па сцэнары ўладаў

06.11.2019 16:21
Па словах праваабаронцы, здымаюць самых актыўных дэмакратычных кандыдатаў, якія маглі б стварыць праблемы дзеючай уладзе.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

„Беларускія выбары праходзяць па сцэнары, напісаным уладамі. У сваю чаргу дэмакратычныя кандыдаты спрабуюць выкарыстаць гэтую палітычную кампанію, каб данесці свае думкі і альтэрнатыўныя погляды. Але выбары тым не менш застаюцца нецікавымі для грамадства”, – заявіў старшыня праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю „Радыё Рацыя

„Цікавасць людзей да парламенцкіх выбараў вельмі нізкая. Усе разумеюць, што гэтыя дэпутаты нічога не вырашаюць. Калі зараз выйсці на вуліцы Гродні ці Мінска і спытацца, ці ведаеце вы свайго дэпутата ў парламенце, то, думаю, 90% беларусаў, адкажа, што „не”. Вось я таксама, напрыклад, свайго не ведаю. Таму што іх не бачна, не чутна, увогуле гэта больш чыноўніцкая зараз пасада. Выбары зведзеныя да рытуалу, падобнага да таго, які ў свой час быў у Савецкім Саюзе. За маленькім выключэннем, што да выбарчага працэсу дапускаюць апазіцыйных кандыдатаў”, - сказаў Бяляцкі.

Па словах праваабаронцы, здымаюць самых актыўных дэмакратычных кандыдатаў, якія маглі б стварыць праблемы дзеючай уладзе. У тым ліку не былі зарэгістраваныя на сёлетніх выбарах адзіныя дзве дэмакратычныя дэпутаткі Парламента Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

„Яны спадзяваліся, што гэтая ніша дэмакратычных дэпутатаў у парламенце будзе захаваная за імі. Але ўлады па-іншаму раскінулі карты, вырашылі замяніць гэтых кандыдатак, бо яны ўжо займелі нейкі палітычны вопыт, зразумелі, як працуюць механізмы прыняцца законаў, сталі ўжо трошку набываць палітычную вагу”, - лічыць праваабаронца.

Алесь Бяляцкі не выключыў і сцэнара, па якому напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў парламент зробяць „стэрыльным”, то бок пазбаўленым ад прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

аз