У пунктах пропуску на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах на выезд утварыліся вялікія чэргі. Пра гэта паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі, паведамляе tut.by.
Нагадаем, на гэтым тыдні ў беларусаў цэлых чатыры выходныя дні. Згодна з пастановай, прынятай урадам, працоўны дзень пераносіцца з пятніцы, 8 лістапада, на суботу, 16 лістапада. Пры гэтым адпачываць беларусы будуць 7-га лістапада (Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі), 8, 9, 10 лістапада.
Напярэдадні Дзяржпагранкамітэт і Мытны камітэт паведамілі, што будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме – у пунктах пропуску арганізаваныя дадатковыя працоўныя месцы, павялічана колькасць супрацоўнікаў у дзяжурных зменах.
«У названы перыяд у пунктах пропуску будзе павялічана колькасць супрацоўнікаў, акрамя таго, з памежнымі ведамствамі сумежных дзяржаў прапрацаваны пытанні рытмічнасці афармлення перасячэння мяжы асобамі і пропуску транспартных сродкаў», – паінфармавала ведамства.
Дзяржпагранкамітэт таксама папярэджвае кіроўцаў, што ў канцы тыдня магчымыя чэргі ў адваротным кірунку – «грамадзяне, якія выехалі за мяжу, будуць вяртацца дадому».
ав