Беларуская Служба

Мечыслаў Супрон - найлепшы краязнавец Гродна 2019 года

09.11.2019 17:12
Мечыслаў Супрон атрымаў прэмію Ядкоўскага 2019 года за захаванне спадчыны Гродна.
Bazylika katedralna św. Franciszka Ksawerego (dawniej kościół jezuitów) w Grodnie
Bazylika katedralna św. Franciszka Ksawerego (dawniej kościół jezuitów) w GrodnieBy Alex Zozulya - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=21654715

8 лістапада ў Цэнтры гарадскога жыцця назвалі найлепшага краязнаўцу Гродна 2019 года. Узнагароду імя Юзафа Ядкоўскага атрымаў гісторык Мечыслаў Супрон, паведамляе hrodna.life.

Мечыслаў Супрон апошнія гады актыўна змагаецца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна. На аснове здабытых ім матэрыялаў ён распрацаваў праект забудовы часткі вуліцы Замкавай з Домам Рыбака, пераканаў забудоўшчыкаў у неабходнасці маштабных раскопак у гэтым месцы і адбудове раёна максімальна блізка да гістарычнага выгляду.

Мечыслаў Супрон некалькі разоў звяртаўся ў пракуратуру па іншых пытаннях, дамогся раскопак на вуліцы Вялікая Траецкая за сінагогай. Разам з даследчыкам Шчукіным ён зрабіў шэраг навуковых 3D-рэканструкцый страчаных і захаваных гродзенскіх будынкаў. Таксама Мечыслаў Супрон змагаецца за аўтэнтычнасць рэканструкцыі Старога замка ў Гродне, якая ўжо падыходзіць да другой чаргі.

„Я задаволены, што атрымаў гэтую ўзнагароду. У некаторым сэнсе для мяне яна нечаканая. Неяк апошнім часам слаба сачу за падзеямі ў культурнай сферы горада, бо маю шмат іншай працы. Таму быў уражаны, што мяне абралі(…)Мне здаецца, яна (прэмія- рэд.) за папулярызацыю гісторыка-архітэктурнай спадчыны і абарону старых будынкаў у Гродне”, – распавёў Мечыслаў Супрон.

Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага заснаваная ў 2012 годзе гродзенскімі гісторыкамі. Штогод яе ўручаюць тым, хто зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гродна а таксама паспрыяў захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасьці Гродна і рэгіёна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк, Ігар Лапеха.

аз