Беларуская Служба

Суд прыгаварыў віцябляніна, чыя дачка загінула з-за абстрэлаў Кіева, да 2 гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі

18.11.2022 13:35
Суддзя спытала ў Аляксандра Патапава: «Як вы звязвалі наяўнасць прэзідэнта Лукашэнкі з тым, што ў вас у сям'і здарылася?».
    2                    ,
Палітвязню Аляксандру Патапаву прысудзілі 2 гады калоніі за «абразу Лукашэнкі» — пасля ранення і гібелі ва Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі і пляменніцы, Фота з адкрытых крыніц.

Суд Віцебскага раёна прыгаварыў 68-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Патапава да 2 гадоў калоніі па абвінавачанні ў абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК), перадае валанцёрская ініцыятыва MAYDAY.

Згодна з матэрыяламі справы, Патапаў двойчы пакінуў каментар у «Аднакласніках», дзе напісаў аб пуску ракет з тэрыторыі Беларусі па Украіне і згадаў Лукашэнку. Як пішуць валанцёры, гэта здарылася пасля аднаго з абстрэлаў Кіева расійскімі вайскоўцамі - падчас абстрэлу ў горадзе загінула дачка віцябляніна, а непаўналетняя пляменніца страціла нагу.

На паседжанні Патапаў прызнаў віну, сцвярджаюць валанцёры.

Суддзя спытала ў яго: «Як вы звязвалі наяўнасць прэзідэнта Лукашэнкі з тым, што ў вас у сям'і здарылася?».

Як піша «Вясна», на адным з паседжанняў Патапаў паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне і распавёў, што ўжо 94 дні знаходзіцца ў ШІЗА.

«На чарговым судовым пасяджэнні Патапаў заявіў, што ў яго пастаянна дрэннае самаадчуванне, цяжкасць у галаве, слабасць і ён вымушаны прымаць абязбольваючыя сродкі», – перадалі яго словы ў тэлеграм-канале «Вясны».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, асуджаны нарадзіўся ва Украіне – на судзе яму забаранілі выкарыстоўваць у прамове ўкраінскія словы. У Беларусь Патапаў пераехаў у 1997 годзе.

вх