Беларуская Служба

Змяншаецца колькасць расійскіх турыстаў у Беларусі

29.11.2023 18:45
Расіяне аддаюць перавагу новым выязным напрамкам.
.    .
Чамаданы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Уязны турызм сёлета ў параўнанні з мінулым годам скараціўся на 10-12 працэнтаў. Так ацэньваюць сітуацыю ў Рэспубліканскім саюзе турыстычнай індустрыі, у склад якога ўваходзіць больш за 160 розных арганізацый, паведаміў у размове з Sb.by старшыня праўлення турсаюза Філіп Гулы.

Філіп Гулы, праўда, падкрэсліў, што гэта суб'ектыўныя ацэнкі, заснаваныя на асабістым аналізе і назіраннях, а афіцыйная статыстыка, якая ідзе з затрымкай часу, можа даць іншыя лічбы.

Паводле назіранняў Гулага, «мала ў каго з абʼектаў размяшчэння сярэдняя загрузка ў гэтым годзе перавышала 75 працэнтаў. Але мы разумеем, што ў вялікай колькасці загрузка не перавышае 50 працэнтаў, у кагосьці ніжэй за 45 працэнтаў».

Пры гэтым ён адмыслова падкрэслівае, што не бярэ тут у разлік санаторыі, у якіх з загрузкай усё нармальна.

Прычыны змяншэння папулярнасці ў расіян беларускага кірунку Філіп Гулы бачыць у тым, што ў Расіі, адкуль у асноўным турысты ў Беларусь толькі і едуць, «за кошт мер падтрымкі галіны расце нумарны фонд – больш чым на 15 працэнтаў у 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м, адкрываюцца новыя выязныя напрамкі: напрыклад Тайланд «паглынуў» 2 млн расіян».

Пры гэтым маржынальнасць і рэнтабельнасць турпрадпрыемстваў, нягледзячы на скарачэнне агульнай плыні турыстаў, нібыта нават павялічылася, то-бок іх даходы выраслі, сцвярджае Гулы.

аз/Наша Ніва