Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі бачыць экстрэмізм у жаданні «быць беларусамі»

01.12.2023 15:40
Instagram-старонка «Будзьма беларусамі!» прызнаная беларускімі ўладамі «экстрэмісцкай».
Ілюстрацыйнае фотаhttps://www.instagram.com/budzma/

1 снежня мела месца чарговае абнаўленне так званага «Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфармацыі. На гэты раз у пералік трапіў Instagram-акаўнт Budzma.org — культурна-асветніцкага партала пра Беларусь.

Гэта сталася пасля таго, як 28 лістапада суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам» акаўнт budzma у сацыяльнай сетцы Instagram.

«Будзьма беларусамі!» паўстала ўвосень 2008 года як грамадска-культурніцкая кампанія, скіраваная на папулярызацыю беларускай культуры,а таксама з мэтай «аб’яднаць беларусаў праз станаўленне павагі да сябе, сваёй культуры, мовы, гісторыі і ўсведамлення сваёй адметнасці».

У 2023 годзе «Будзьма беларусамі!» называе сябе «культурна-асветніцкім парталам пра Беларусь і для беларусаў», пазіцыянуе сябе ў тым ліку як СМІ культурніцкай накіраванасці.

Разам з парталам у «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 21 прозвішча — цяпер у ім 3562 чалавекі. Сярод іншых у «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» улады ўнеслі пенсіянерку Алу Зуеву, якая хварэе на анкалогію, асуджанага да 8 гадоў калоніі Эдуарда Бабарыку, IT-спецыяліста Дзмітрыя Качаноўскага.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў/ПЦ «Вясна»