Беларуская Служба

Праваабаронцы: Беларусь не выконвае 223 з 252 рэкамендацый ААН у галіне правоў чалавека

02.12.2023 12:01
Раз у 4,5 гадa кожная краіна-сябра ААН праходзіць працэдуру УПА, дзе дае справаздачу аб захаванні правоў чалавека
:    223  252
Праваабаронцы: Беларусь не выконвае 223 з 252 рэкамендацый ААН у галіне правоў чалавека Osugi / Shutterstock

Беларусь выконвае вельмі малую частку рэкамендацый трэцяга цыкла Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) у галіне правоў чалавека. Да такой высновы прыйшла кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый па выніках адпаведнага прамежкавага даследавання, паведамляе «Позірк».

Справаздачу аб выкананні Беларуссю згаданых рэкамендацый апублікаваў Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК). У дакуменце падкрэсліваецца, што ў 2020 годзе па выніках папярэдняй справаздачы Беларусь атрымала 266 рэкамендацый, з якіх 155 прыняла да выканання да 2025 года.

Праваабаронцы далі адзнаку 252 рэкамендацыям, бо па астатніх 14 не мелі поўнай інфармацыі. Яны ўдакладняюць, што атрыманыя Беларуссю рэкамендацыі датычацца «ратыфікацыі міжнародных дагавораў, прававых і інстытуцыйных рэформ, грамадзянскіх і палітычных правоў, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў, правоў жанчын і іншых уразлівых груп».

Сярод іншага, Беларусь не выконвае рэкамендацыі «ажыццяўляць заканадаўства і палітыку, неабходныя для адмены пакарання смерцю», наадварот, «насуперак прынятым міжнародным абавязацельствам, улады рабілі крокі па заканадаўчым пашырэнні сферы прымянення пакарання смерцю».

На думку праваабаронцаў, не выконваецца і рэкамендацыя аб разглядзе пытання «далучэння да Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў».

«Беларусь таксама атрымала рэкамендацыю падпісаць і ратыфікаваць Дагавор аб забароне ядзернай зброі, аднак змены, унесеныя ў Канстытуцыю ў выніку рэферэндуму 2022 года, сведчаць аб адмове ад статусу бяз'ядзернай дзяржавы, апрача таго, Беларусь размясціла на сваёй тэрыторыі расійскае ТЯО», – звяртаюць увагу праваабаронца.

У справаздачы падкрэсліваецца, што паводле шэрагу рэкамендацый адсутнічае публічная інфармацыя аб разглядзе іх Беларуссю.

УПА – універсальны прызнаны механізм Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), які ўяўляе сабой комплексны і ўсёабдымны агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсіх дзяржавах-членах арганізацыі.

«Раз у 4,5 гoдa кожная краіна – сябра ААН праходзіць працэдуру УПА, дзе дае справаздачу аб захаванні правоў чалавека. Іншыя дзяржавы даюць падсправаздачнай краіне рэкамендацыі, што неабходна палепшыць. Потым краіна, якая праходзіць працэдуру, добраахвотна вызначае, якія з атрыманых рэкамендацый прыняць. Мяркуецца, што краіна прымае і выконвае рэкамендацыі добраахвотна», – адзначаюць праваабаронцы ў тлумачэнні да справаздачы.

аз