Беларуская Служба

Заснавальнік платформы «Новая Беларусь» анансаваў укараненне персаналізаванай стужкі навін і выкарыстанне штучнага інтэлекту

04.12.2023 15:15
Стварэнне медыяагрэгатара, які будзе кампанаваць для кожнага карыстальніка «Новай Беларусі» персаналізаваную стужку навін, анансаваў Павел Лібер. Фактычна гэта першы такі інструмент для беларусаў на папулярнай платформе.
         2022 .
Павел Лібер падчас прэзентацыі платформы «Новая Беларусь» у кастрычніку 2022 года. Фота: БАЖ

Пост заснавальніка платформы прысвечаны даце заснавання «Новай Беларусі» — прайшоў год, як яна была прадстаўлена.

— Мы працуем над медыяагрэгатарам, які будзе збіраць навіны беларускіх медыя, лакальныя навіны, сусветныя, івэнты, відэа і г.д. і пакаваць гэта ўсё ў адну персаналізаваную навінавую стужку на абранай мове, — паведаміў Павел Лібер.

Таксама будзе выкарыстоўвацца штучны інтэлект (ШІ). Змены карыстальнікі ўбачаць ужо на пачатку наступнага года. Нагадаем, што, паводле экспертаў, у бліжэйшыя тры гады адбудзецца выбух у выкарыстанні ШІ, прычым не толькі светлымі сіламі.

    — Пакуль прапаганда раздражняе лінейнымі наратывамі, але праз некаторы час яе кантэнт напэўна стане больш якасным, а ў нейтральную стужку будуць натуральным чынам, незаўважна для карыстальніка інтэгравацца палітычныя навіны, — папярэджваюць спецыялісты. — А дзякуючы штучнаму інтэлекту яны будуць укараняцца персаналізавана. Напрыклад, чытачу, які цікавіцца сабачкамі, нейрасетка выдасць навіну, што выканкам дапамог бяздомным жывёлам. На ўзроўні падсвядомасці чалавек паступова будзе думаць, што не ўсё так відавочна.

Па словах экспертаў, дыктатуры вельмі хутка асвойваюць такія тэхналогіі, і каб не прайграць, трэба ўжо прадумваць стратэгію. Укараненне новых інструментаў у платформу «Новай Беларусі» — адказ на такі выклік. Цяпер аплікацыю спампавалі 33 тысячы карыстальнікаў, а ўся экасістэма (якая ўключае не толькі мабільны дадатак) павялічылася з 21 тысячы карыстальнікаў да 58 тысяч, 52% з іх знаходзяцца ўнутры краіны.

— Памылкай было часам пазіцыянаваць сябе як будучую лічбавую дзяржаву, таму што гэта з аднаго боку наогул незразумела для карыстальнікаў, з другога — у нас не было часткі функцыянальнасці для гэтага пазіцыянавання. Мы хутка зразумелі гэта і выправіліся, хаця шлейф цягнецца, — прызнаў Павел Лібер.

    Ён таксама адзначыў, што сёння існуе вялікі разрыў паміж падзеямі ў палітычным полі і тым, як гэта ўплывае непасрэдна на чалавека, і скарачэнне гэпу — важная задача.

Платформа будзе развіваць падаткавы праект (ужо атрымалася сабраць 42 тысячы еўра, дзякуючы якім будуць рэалізаваныя два праекты), культурную частку (плануецца продаж квіткоў), суполкі па прафесійных, палітычных, мясцовых прыкметах і інш.

— Для мяне гэты праект — вялікая надзея на тое, што наша нацыя зможа пранесці сябе ў часе цэласна і навучыцца самастойна вырашаць свае нацыянальныя праблемы, — падкрэсліў Павел Лібер.

baj.media/вх