Беларуская Служба

Андрэй Саннікаў: Санкцыі – адзіны спосаб выратаваць палітвязняў

05.12.2023 08:26
Толькі рэальны санкцыйны ціск дазваляе дабівацца свабоды для вязняў рэжыму.
 .
Андрэй Саннікаў.Фота: Agnieszka Kamińska/PolskieRadio.pl

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» распавёў аб неабходнасці нарошчвання жорсткіх санкцый супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Андрэй Саннікаў пракаментаваў заклік «Каардынацыйнай рады» Святланы Ціханоўскай да перамоваў з рэжымам Лукашэнкі:

- Без знешняга ціску любыя патрабаванні, адрасаваныя дыктатарскаму рэжыму, – проста смешныя, тым больш патрабаванні вызвалення палітвязняў. Толькі рэальны санкцыйны ціск дазваляе дабівацца свабоды для вязняў рэжыму.

САНКЦЫІ не з'яўляюцца ні стратэгіяй, ні тактыкай змены рэжыму. Яны неабходны для выратавання жыцця людзей. Нарастаючыя жорсткія санкцыі выратуюць жыцці палітвязняў, у той час як мяккія ці фармальныя санкцыі дазваляюць рэжыму бяскарна калечыць і забіваць людзей у турмах і калоніях.

ЗАДАЧА і маральны абавязак апазіцыі – патрабаванне ўвядзення санкцый для вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій. Любыя іншыя патрабаванні – альбо хлуслівыя, альбо трэцярадныя.

ЗАДАЧА рэжыму і ягоных спецслужбаў – любымі спосабамі дамагацца зняцця санкцый, у тым ліку праз сваю агентуру на захадзе і прыкормленых заходніх палітыкаў.

Сэнс саміх санкцыяў (а не стратэгіі змены ўлады) палягае ў вызваленні палітвязняў і спыненні рэпрэсій. Для гэтага неабходна адзінства меркаванняў апазіцыі па гэтым пытанні і паслядоўнасць захаду ў правядзенні палітыкі ўвядзення санкцый і іх зняцця.

Пасля падаўлення Паўстання 2010 года нам амаль удалося дабіцца ад захаду зразумелай палітыкі санкцый. Нягледзячы на тое, што некаторыя «апазіцыйныя» дзеячы ездзілі на захад з угаворамі не ціснуць на Лукашэнку, Еўрасаюз дастаткова хутка ўвёў санкцыі і высунуў абгрунтаваныя і рэалістычныя ўмовы для іх зняцця. Упершыню пачалі ўводзіць эканамічныя санкцыі. Вызвалілі амаль усіх палітычных. На жаль, Еўрасаюз зняў санкцыі са злачынцаў, тых самых, на якіх гэты рэжым трымаецца.

Прыпыненне санкцый супраць рэжыму ў 2015 годзе і іх зняцце ў 2016 годзе праклала шлях да жахлівых рэпрэсій сённяшняга дня. Любыя спробы распавесці, што санкцыі неэфектыўныя, што трэба шукаць іншыя шляхі, напрыклад перамовы, – не проста ашуканства, але і адкрыты саўдзел у злачынствах супраць народа, супраць палітвязняў – напісаў Андрэй Саннікаў.

Хартыя'97

нг