Гэта першая сустрэча Ціханоўскай з прадстаўнікамі краінаў і накірункаў у МВФ. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі 8 з 25 краінаў: Літвы, Аўстрыі, Бельгіі, Францыі, Грэцыі, Іспаніі, Ірландыі і Польшчы, паведамляе яе прэс-служба.
Ціханоўская распавяла пра эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі. Разам з беларускай дэмакратычнай лідаркай удзел у сустрэчы браў Алесь Аляхновіч, дарадца Ціханоўскай у эканамічных пытаннях, эксперт BEROC Дзмітрый Крук.
Святлана Ціханоўская распавяла, што эканамісты дэмакратычных сілаў ужо працуюць над праектамі эканамічных рэформаў, у тым ліку ў галіне прыватызацыі, рэформаў у сацыяльнай сферы, пенсійнай рэформы і зялёнай эканомікі. Яна выказала пажаданне, каб МВФ быў гатовы надаць падтрымку ў распрацоўцы і правядзенні рэформаў у Беларусі пасля дэмакратычных пераменаў у краіне.
Акрамя гэтага, у рамках візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская сустрэлася з экс-прэм'ерам Вялікай Брытаніі Дэвідам Кэмэранам і былым намеснікам дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Трампа Стывэнам Біганам.
Падчас сустрэчы з Дэвідам Кэмэранам Ціханоўская падзякавала міністру за дыпламатычную супрацу, звярнула ўвагу на драматычную сітуацыю з палітвязнямі і заклікала закрыць лазейкі ў санкцыях у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Таксама абмяркоўвалі магчымасць стратэгічнага дыялогу паміж Вялікай Брытаніяй і Беларуссю і магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі.
вх