Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Жазэпам Барэлем

26.06.2024 17:03
Бакі абмеркавалі таксама працяг і павелічэнне падтрымкі для грамадзянскай супольнасці, прыцягненне рэжыму да адказнасці, развіццё працы Кансультатыўнай групы, супрацу ў напрамку супрацьдзеяння прапагандзе, а таксама прамоцыі еўрапейскага выбару сярод беларусаў.
    .
Святлана Ціханоўская і Жазэп Барэль. Фота прэс-службы Еўрасаюза

У сераду, 26 чэрвеня Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Бруселі з Вярхоўным прадстаўніком па замежнай палітыцы Жазэпам Барэлем. Сустрэча адбывалася ў межах працы Кансультатыўнай групы ЕС – Беларусь.

Паводле прэс-службы Святланы Ціханоўскай, падчас сустрэчы яна заклікала працягваць выдачу шэнгенскіх візаў, дапамагчы з вырашэннем праблем легалізацыі беларусаў у іншых краінах, трымаць межы адкрытымі для грамадзян Беларусі, пры гэтым не змяншаючы, а павялічваючы ціск на рэжым і яго памагатых.

Бакі абмеркавалі таксама працяг і павелічэнне падтрымкі для грамадзянскай супольнасці, прыцягненне рэжыму да адказнасці, развіццё працы Кансультатыўнай групы, супрацу ў напрамку супрацьдзеяння прапагандзе, а таксама прамоцыі еўрапейскага выбару сярод беларусаў.

На сустрэчы разам з Ціханоўскай былі таксама яе намеснікі Павел Латушка і Валер Кавалеўскі. Для апошняга, як падаецца, гэта сустрэча стала апошняй у афіцыйным статусе, 26 чэрвеня ён заявіў пра сваю адстаўку.

Кіраўнік дыпламатыі ЕС таксама пракаментаваў сустрэчу з Ціханоўскай на сваёй старонцы ў сацсетцы X.

«Прыемна зноў сустрэцца са Святланай Ціханоўскай. Я выказаў сваю ўдзячнасць за працу дэмакратычных сілаў пад ейным кіраўніцтвам і пацвердзіў салідарнасць і падтрыманне ЕC усіх, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь», – зазначыў Жазэп Барэль.

nashaniva.com/эж