Беларуская Служба

Паездкі за 35 еўра без абмежаванняў цягам тыдня – польская чыгунка ўводзіць летнюю прома-акцыю

29.06.2024 17:03
Перавозчык прапануе таксама даражэйшую версію тыднёвага білету коштам у 42 еўра.
     Polregio
Кандуктар польскай дзяржаўнай чыгуначнай кампаніі Polregio YouTube/PolRegio/screen

Найбуйнейшы польскі чыгуначны перавозчык Polregio з 1 ліпеня ўводзіць летнюю прома-акцыю, якая будзе дзейнічаць да 1 верасня 2024 года. За 149 злотых (35 еўра ў пераліку) прапануецца набыць тыднёвы білет, у рамках якога можна будзе падарожнічаць па Польшчы на цягніках кампаніі цягам тыдня без абмежаванняў і з перасадкамі.

Перавозчык прапануе таксама даражэйшую версію тыднёвага білету коштам у 179 злотых (42 еўра). Згаданы квіток дазволіць падарожнічаць не толькі на цягніках Polregio, але і іншых рэгіянальных кампаній: ŁKA, Arriva i Koleje Wielkopolskie.

Тыднёвы летні білет – імянны. Яго можна набыць у чыгуначных касах, білетных аўтаматах, у кандуктараў у цягніках, а таксама праз мабільнае прыкладанне Polregio.

Прэс-служба Polregio зазначае, што тыднёвы білет не дзейнічае на некаторых участках маршрутаў, таму кампанія раіць дадаткова правяраць інфармацыю пра прома-акцыю на яе сайце і ў сацыяльных сетках.

Аператар мясцовых і рэгіянальных цягнікоў Polregio – гэта найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія па колькасці перавезеных пасажыраў. У 2023 годзе цягнікі згаданага чыгуначнага аператара перавезлі 97 млн 300 тыс. пасажыраў – гэта 26% агулу чыгуначных пасажырскіх перавозак у Польшчы. У сярэднім штодзень паслугамі кампаніі карыстаецца 267 тыс. чалавек.

Кожны дзень у трасы выходзіць 1 тыс. 750 цягнікоў Polregio, якія спыняюцца на 1 тыс. 950 станцыях.

вс