У Еўрасаюзе з 1 ліпеня набылі юрыдычную моц павялічаныя імпартныя мыты, уведзеныя на некаторыя віды сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі, якія фактычна робяць немагчымым далейшыя пастаўкі іх збожжа на еўрапейскі рынак. Такое рашэнне 30 траўня ўхваліў Еўрапейскі савет, нагадвае «Свабода».
У залежнасці ад канкрэтнага прадукту новыя мыты павялічыліся або на 95 еўра за тону прадукцыі, якая імпартуецца ў ЕС, або да 50 працэнтаў цаны на пшаніцу на рынках Еўрасаюза. Павышэнне мыта фактычна спыняе іх імпарт у ЕС.
Гэтае рашэнне распаўсюджваецца на збожжавыя, алейныя тавары, прадукты іх перапрацоўвання, на бураковыя жамерыны і сушаны гарох з Расіі і Беларусі, а таксама на прадукцыю, якая наўпрост або ўскосна пастаўляецца з дзвюх краін, але не закранае транзіту ў трэція краіны. Расія і Беларусь таксама не будуць больш мець доступу да квотаў ЕС.
22 сакавіка Еўракамісія апублікавала прапановы аб увядзенні павышанага мыта на пастаўкі збожжа з Беларусі і Расіі ў Еўрасаюз і пазбаўленні гэтых краін доступу да квотаў на пастаўку збожжа на больш выгадных тарыфных умовах.
У 2023 годзе Расія экспартавала ў Еўрасаюз да 4,2 мільёна тон збожжа на 1,3 мільярда еўра. Аб’ёмы прадукцыі з Беларусі ў ЕС у той жа час склалі 610 тысяч тон на 246 мільёнаў еўра.
Міністры сельскай гаспадаркі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі раней прапанавалі Еўрапейскай камісіі забараніць пастаўкі збожжа з Расіі і Беларусі ў Еўрасаюз.
аз