29 ліпеня Эстонія адправіла ў Латвію групу сваіх паліцэйскіх. Яны будуць дапамагаць змагацца з нелегальнай міграцыяй на мяжы з Беларуссю, паведамляе дзяржаўнае Эстонскае радыё.
За першыя тры тыдні ліпеня латвійскія памежнікі спынілі 730 спробаў нелегальнага пераходу граніцы.
На мінулым тыдні Латвія звярнулася па дапамогу да Эстоніі. Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі накіраваў у Латвію 11 паліцэйскіх. Ужо 30 ліпеня яны прыступяць да патрулявання мяжы з Беларуссю.
Эстонскія паліцэйскія накіраваліся ў раён населеных пунктаў Каплава і Рабежніекі: апошнім часам там заўважаная найбольшая колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Эстонцы будуць несці службу цягам двух тыдняў, пасля чаго іх зменіць наступная ратацыя.
У складзе каманды ёсць кінолаг з сабакам. Паліцэйскія з Этоніі будуць займацца наземным патруляваннем, але ў падраздзялення ёсць магчымасць патруляваць мяжу і з дапамогай дронаў.
вс
на здымку: эстонскія паліцэйскія, якія накіраваліся на ахову беларуска-латвійская мяжы