Беларуская Служба

Чатырох чалавек асудзілі да калоніі за ўдзел у пратэстах у Бярозе ў 2020-м годзе

30.08.2024 12:25
Паведамляецца, што на судзе ўсе прызналі віну.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

У судзе Бярозаўскага раёна 28 жніўня паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) вынеслі прысуд адразу чатыром мясцовым жыхарам.

Як піша "Берасцейская Вясна", за ўдзел у акцыі пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года ў Бярозе Сяргею Скробату, Аляксандру Малькову, Ігару Шыманчыку і Сяргею Гоўшу прызначылі ад аднаго да двух гадоў калоніі. Такі прысуд вынес Дзмітрый Кавалевіч.

У сакавіку 2024 года сілавікі правялі рэйды за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Тады паведамлялася пра затрыманне каля дзесяці чалавек. Так, у межах такога "хапуна" быў затрыманы і Сяргей Скробат — з ім было апублікавана "пакаяльнае відэа". 

Згодна версіі абвінавачвання, з 10 па 11 жніўня 2020 года, "знаходзячыся на вул. Леніна ў г. Бяроза, дзейнічаючы ў групе асоб, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый, тым самым наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый".

Паведамляецца, што на судзе ўсе прызналі віну.

У выніку, 28 жніўня ў судзе Бярозаўскага раёну агучаны прысуд:

Ігару Шыманчыку — адзін год калоніі;
Сяргею Скробату — адзін год і шэсць месяцаў калоніі;
Аляксандру Малькову — два гады калоніі;
Сяргею Гоўшы — два гады калоніі (канчаткова, з улікам нейкай папярэдняй судзімасці, тры гады калоніі).
Усім прызначана адбыванне пакаранне ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Справу супраць мужчын разглядае Дзмітрый Кавалевіч.

ПЦ "Вясна"

нг