Раней фірму падазравалі ў супрацоўніцтве з рэжымам Лукашэнкі.
Пасля рашэння Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Цэнтр персаналізацыі дакументаў скасаваў кантракт з кампаніяй на вытворчасць пашпартоў, піша агенцыя bns.lt са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.
Кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце, рэагуючы на расследаванне літоўскіх журналістаў, апублікаванае на 15min.lt аб магчымых сувязях прадстаўнікоў «Garsų pasaulis» з рэжымам у Беларусі, звярнулася ў VSD з просьбай правесці паўторную ацэнку надзейнасці кампаніі.
«Пасля таго, як VSD прызнаў кампанію ненадзейнай, Цэнтр персаналізацыі дакументаў пры Міністэрстве ўнутраных спраў скасоўвае дамову з «Garsų pasaulis» на прадастаўленне паслуг», — гаворыцца ў заяве міністэрства.
Раней у тым ліку Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала бланкі дакументаў для грамадзян Літвы і была выбраная для друку «пашпартоў Новай Беларусі», звязаная з фірмай GP Holographics і беларускім бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.
Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кіргізстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер праверку ў дачыненні да яе вядуць адначасова Служба расследавання фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы.
З 2014 году кампанія Garsų pasaulis выйграла ўсе тры тэндары на выраб бланкаў пашпартоў у Літве, апошні — у 2022 годзе, на суму звыш 30 мільёнаў еўра.
svaboda.org/вх