Беларуская Служба

18 гадоў назад у Віцебску быў ліквідаваны аддзел Саюза палякаў Беларусі

16.12.2024 16:46
Актыўная і паспяховая палітыка Саюза па падтрымцы польскай мовы і культуры, а таксама будаванне польскіх школ заўсёды выклікала незадаволенасць беларускіх улад.
Сцяг Польшчыfreestocks-photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

18 гадоў таму, 14 снежня 2006 года, Віцебскі аблвыканкам ліквідаваў абласны аддзел Саюза палякаў Беларусі. Аб ліквідацыі абласнога аддзела тагачаснай старшыні Аліцыі Галустовай віцебскія ўлады паведамілі лістом.

Аддзел абласнога аб’яднання палякаў у Віцебску быў зарэгістраваны ў 1992 годзе. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сілавікі сталі актыўна цікавіцца дзейнасцю Саюза палякаў. Неаднаразова наведвалі прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў і аддзел Саюза ў Віцебску. Пры гэтым Аліцыя Галустова заўсёды падкрэслівала, што арганізацыя ніколі не займалася палітыкай. Яе галоўная мэта — вывучэнне польскай мовы і культуры, а таксама гісторыі Польшчы.

З ліквідацыяй віцебскага аддзела ўлады адабралі ў Саюза і «Польскі дом», які з дазволу Ватыкана насіў імя Яна Паўла ІІ. «Польскі дом» месціўся ў помніку архітэктуры ХІХ стагоддзя. На яго рэстаўрацыю было выдаткавана 300 тыс. долараў, якія даў Сенат Польшчы з бюджэту краіны.

Гістарычны будынак на Кастрычніцкім праездзе аблвыканкам перадаў Віцебскаму індустрыяльна-тэхналагічнаму каледжу. А пры гарвыканкаме быў створаны новы падкантрольны ўладам аддзел Саюза палякаў, пра дзейнасць якога нічога невядома і які, падобна, існуе ён толькі на паперы. Палякі — трэцяя па колькасці нацыянальная меншасць у Беларусі. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2019 года, на Віцебшчыне жыве 9 тыс. 806 палякаў. Больш за ўсё палякаў жыве ў Браслаўскім раёне — іх адсотак складае 18,66%.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск