Беларуская Служба

З Беларусі ў Літву ў 2024 годзе ездзілі ў 1,7 разу радзей, чым годам раней

02.01.2025 18:21
У 2024 годзе Дзяржаўная памежная служба Літвы зафіксавала каля 1,5 млн пераходаў мяжы між Беларуссю і Літвой, расказвае LTR. Годам раней было каля 2,6 млн пераходаў, двума гадамі раней – 1,7 млн пераходаў.
Дзяржаўная мяжафота: gpk.gov.by

У 2024 годзе Дзяржаўная памежная служба Літвы зафіксавала каля 1,5 млн пераходаў мяжы між Беларуссю і Літвой, расказвае LTR. Годам раней было каля 2,6 млн пераходаў, двума гадамі раней – 1,7 млн пераходаў. У 2024 годзе адзін беларус у сярэднім мінаў мяжу каля 2,6 разу, тады як годам раней – каля 3,7 разу. І ў 2024 годзе мяжу з Літвой пераходзілі каля 550 тысяч грамадзянаў Беларусі, годам раней – больш за 700 тысячаў.

Міністр унутраных справаў Літвы Владзіславас Кандратовічус расказаў агенцтву BNS, што гэтае змяншэнне можа быць звязанае са зніжэннем колькасці беларусаў на літоўскім рынку працы, закрыццём часткі памежных пераходаў (адкрытыя застаюцца толькі два) ды іншымі захадамі, якія ўскладнілі траплянне беларусаў у Літву.

Патрэбы мяняць цяперашнія абмежаванні міністр не бачыць. З аднаго боку, ён адзначае сітуацыю гібрыднай вайны з боку Беларусі і захаванне міграцыйнага крызісу. З другога боку, калі закрыць яшчэ адзін пераход, наўрад ці праз мяжу стане ездзіць менш людзей. Да таго ж, міністр разважае: узнікаюць пытанні, калі беларус штодня ездзіць з Літвы ў Беларусь, але цяжка вызначыць, колькі разоў варта дазваляць мінаць мяжу.

Прынамсі да траўня 2025 года ў Літве дзейнічае закон, што абмяжоўвае беларусаў і расіянаў у атрыманні візаў у Літву (акрамя выпадкаў, калі атрыманне візы адбываецца пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў) і дазволаў на жыхарства ў Літве, а таксама прадугледжвае правяранні на «пагрозу нацыянальнай бяспецы». Абмежаванні плануюць падоўжыць.

Нягледзячы на тое, што многіх беларусаў назвалі «пагрозай» Літве, дазвол на жыхарства ў Літве станам на 1 снежня 2024 года мелі 59 тысяч грамадзян Беларусі.

belsat.eu/эж