Беларуская Служба

Украінскі дэпутат Шаўчэнка мог спрыяць незаконным пастаўкам беларускіх угнаенняў ва Украіну

07.01.2025 11:46
У Кіеве падазраюць, што паездкі дэпутата Шаўчэнкі ў Мінск маглі фінансаваць улады Беларусі.
       20  2021.
Яўген Шаўчэнка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 20 красавіка 2021. Ілюстрацыйнае фота president.gov.by

15 лістапада 2024 года кіеўскі суд ухваліў рашэнне аб арышце дэпутата Яўгена Шаўчэнкі да 11 студзеня 2025 года. Неўзабаве следства мусіць звярнуцца ў суд па падаўжэнне ўтрымання Шаўчэнкі пад вартай.

Ва Украіне на 9 месяцаў падоўжылі тэрміны расследавання справы, якую завялі на дэпутата ўкраінскага парламенту Яўгена Шаўчэнку праз падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе.

Як паведаміла Свабодзе крыніца ў праваахоўных органах Украіны, у часе вобшукаў па месцы пражывання і ў парламенцкім кабінеце Яўгена Шаўчэнкі знайшлі дакументы, якія могуць сведчыць пра яго спрыянне незаконным пастаўкам беларускіх угнаенняў ва Украіну, а таксама атрыманне грошай ад беларускіх кампаній для паездак у Мінск.

У абвінавачаньні — шэраг эпізодаў, звязаных зь ягонымі паездкамі ў Беларусь і сустрэчамі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Цяпер следства плануе правесці допыт службовых асобаў беларускіх кампаній, якія працавалі на ўкраінскім рынку да пачатку вайны і займаліся пастаўкамі ўгнаенняў, а таксама ўкраінскіх прадпрыемстваў, што супрацоўнічалі з Беларусьсю.

Апроч таго, следчыя хочуць праверыць банкаўскія рахункі гэтых кампаній і рух фінансавых сродкаў, а таксама атрымаць вынікі фінансавага маніторынгу аперацый Яўгена Шаўчэнкі і ягоных блізкіх сваякоў, падкантрольных асобаў і прадпрыемстваў, праз якія ажыццяўляліся пастаўкі мінеральных угнаенняў з Беларусі.

Сярод кампаній, праз якія ажыццяўлялася фінансаванне паездак Яўгена Шаўчэнкі ў Беларусь, маглі быць украінскія ТАА Гандлёвы дом «Агроімпорт ЛТД» (адна з найбуйнейшых і непразрыстых кампаній Украіны на рынку ўгнаенняў. — Рэд.) і «СанАгро Україна» (да вайны — адзіны ва Украіне афіцыйны дылер беларускага калію. — Рэд.), а таксама ТАА «Белферт Україна», якую ачольваў Алег Вялічка, сын былога амбасадара Беларусі ва Украіне Валянціна Вялічкі.

Дзейнасць усіх трох гэтых кампаній пасля расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну ў розны час былі аб’ектам цікавасці праваахоўных органаў Украіны.

svaboda.org/вх