Беларуская Служба

Палац апошняга караля Рэчы Паспалітай у Гродне прадалі з трэцяй спробы

20.01.2025 17:39
Пакупніка часткі былой загараднай рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага шукалі цягам двух гадоў, а кошт за гэты час упаў у 10 разоў.
Палац апошняга караля Рэчы Паспалітай у Гродне прадалі з трэцяй спробыкрыніца: Hrodna.life

Будынак былой каралеўскай сядзібы Панямунь набылі з аўкцыёна 16 студзеня 2025 года. Пакупніка часткі былой загараднай рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага шукалі цягам двух гадоў, а кошт за гэты час упаў у 10 разоў, паведамляе Hrodna.life. 

Хто і за колькі ў выніку купіў будынак — невядома. У ліпені 2024 года за памяшканне былога палаца прасілі мінімум 351 тыс. руб., у студзені 2025 — 35 тыс. 100 руб. 

На аўкцыён выстаўлялі нежылую каменную частку будынка плошчай 271,2 кв. м. Сам будынак прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю — пакупнік зможа размясціць там культурна-асветніцкую ўстанову. 

У 2025 годзе непадалёк ад палаца збіраюцца пачаць будаўніцтва новага жылога мікрараёна. Ён з’явіцца паміж вуліцай Белуша і Румлёўскім праспектам. Раней на гэтых 22 гектарах планавалі пабудаваць жыллё на 2 тысячы кватэр у высотках, уладкаваць зялёныя зоны і паркоўкі. Будаўніцтва новага мікрараёна ў Панямуні павінна забяспечыць жыллём 5 тыс. чалавек.

вс