Намеснік памочнік дзяржсакратара ЗША ў Еўропе Крыс Сміт сустракаўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком КДБ Іванам Церцелем і абмяркоўваў умовы здзелкі, - піша The New York Times.
Вызваленне Аляксандрам Лукашэнкам на гэтым тыдні грамадзяніна ЗША і двух беларускіх палітвязняў можа стаць першым крокам да маштабнай угоды паміж Вашынгтонам і Мінскам. Пра гэта распавёў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў Еўропе Крыс Сміт на сустрэчы дыпламатаў у Вільні, паведамляе The New York Times.
Такім чынам Вашынгтон спрабуе дамагчыся ў тым ліку зніжэння ўплыву Масквы на Мінск, патлумачыў амерыканскі дыпламат.
У рамках здзелкі, як распавёў Сміт у Вільні, Лукашэнка можа вызваліць мноства палітвязняў, у тым ліку шырока вядомых. Узамен ЗША аслабяць санкцыі супраць беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў.
Галоўнай мэтай ЗША Сміт назваў вызваленне большай колькасці палітвязняў. Яшчэ адна важная мэта — даць Лукашэнку «перадышку па-за арбітай Расіі», кажуць суразмоўцы журналістаў.
Крыс Сміт курыраваў палітыку ЗША па Беларусі і пры мінулай амерыканскай адміністрацыі. Перамовы з саюзнікамі ЗША аб змякчэнні санкцый ён пачаў яшчэ летась.
На брыфінгу для заходніх дыпламатаў у Вільні Сміт таксама сказаў, што ў Лукашэнкі пры сустрэчы не было ніякіх прыкмет пагаршэння здароўя. Ён здаваўся ўпэўненым і цалкам кантралюючым сітуацыю, перадалі крыніцы газеты словы дыпламата.
Сам Сміт публічна не казаў, з кім сустракаўся і што абмяркоўваў. Дзярждэпартамэнт ЗША не адказаў на запыты газеты.
nashaniva.com/эж