У сувязі з эканамічнымі праблемамі ўжо з’явіліся дзіўныя ўказы Лукашэнкі. Да прыкладу — што выканкамы будуць прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Што яшчэ можна чакаць ад рэжыму, калі эканоміка пачне сыпацца? Такое пытанне сайт Charter97 задаў палітолагу Дзмітрыю Балкунцу:
— Гісторыя з тым, што збіраюцца прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў, гэта ўвогуле ўнікальная мадэль. Такога яшчэ ніколі не было ў гісторыі Беларусі. Мне падаецца, што Лукашэнка тут хоча канчаткова забіць малы бізнес у рэгіёнах. Зусім незразумела, чым гэта абгрунтавана. Магчыма, ён проста хоча не дапускаць нейкага вальнадумства ў прыватных кампаніях.
Таксама Лукашэнка збіраецца правесці «сусветны эксперымент» у рэгуляванні коштаў, як ён сказаў, што ў свеце такога ніхто не рабіў. Гэта скончыцца тым жа, што было і ў савецкія гады — дэфіцытам, павышэннем коштаў або нейкімі іншымі катаклізмамі. Усе гэтыя эксперыменты Лукашэнкі сумна заканчваюцца. Але гэта, канешне, таксама стварае нагрузку і для супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату, якія вымушаны выконваць яго даручэнні.
На днях Лукашэнка заявіў аб тым, што плануе надзяліць нейкімі новымі паўнамоцтвамі кіраўнікоў райвыканкамаў, каб у іх было менш бюракратыі. Я не думаю, што ў яго зноў нешта атрымаецца, бо калі ён кагосьці нечым надзяляе, зверху яшчэ тры начальнікі з’яўляюцца. Таму я нічога не чакаю ад яго, я толькі чакаю пагаршэння сітуацыі, бо гэты чалавек не здольны нічога новага прыдумаць. Ён толькі можа пагаршаць абстаноўку.
нг