Беларуская Служба

МАРГ загадала Wildberries зняць з продажу тавары з «недружалюбных краінаў»

19.02.2025 16:02
Wildberries - найбуйнейшы расійскі маркетплейс, які працуе ў РФ, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі, Узбекістане і Кітаі.
Ілюстрацыйнае фотаФота з адкрытых крыніц.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю 19 лютага выдала маркетплейсу Wildberries  патрабаванне аб спыненні рэалізацыі забароненых тавараў (парфумерыя, касметыка і інш.), «зробленых у краінах, якія ўвялі санкцыі і праводзяць недружалюбную палітыку ў дачыненні да Беларусі», паведамляе «Позірк».

Напярэдадні, як паведамляе прэс-служба МАРГ, ведамства загадала арганізацыі ліквідаваць парушэнні заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў.



На маркетплейсе «прапануюцца да продажу забароненыя тавары, адсутнічае інфармацыя аб многіх вытворцах рэалізуемых тавараў, на галоўнай старонцы інтэрнэт-крамы няма інфармацыі аб спосабах аплаты тавараў, вяртаюць грошы на баланс асабістага кабінета, а не на рахунак спажыўца», - гаворыцца ў рэлізе.

Паводле ведамства, у розныя дзяржорганы са скаргамі на працу гэтай інтэрнэт-крамы «за мінулы перыяд 2025 года» паступіла «ўжо 100 зваротаў грамадзян», у 2024 годзе - 1 тысяча, у 2023 годзе - 2 тысячы, у 2022 годзе - каля 1,5 тысячы.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выдавала прадаўцу 10 прадпісанняў у 2024-м годзе, чатыры - у 2023 (плюс адно патрабаванне аб забароне продажу забароненых тавараў), сем - у 2022 годзе.

1 кастрычніка 2024 года Генпракуратура загадала Wildberries зняць з продажу беспілотнікі.

Wildberries - найбуйнейшы расійскі маркетплейс, які працуе ў РФ, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Арменіі, Узбекістане і Кітаі.

аз