Выдавецтва «Беларускія аўдыёкнігі» выпусціла аўдыёверсію раману «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. Раней гэты раман у перакладзе Аляксея Знаткевіча выходзіў у 2017 годзе ў рамках кампаніі ад кніжнай серыі «Амерыканка». Агучванне кнігі адметнае тым, што перакладчык сам начытаў свой тэкст, паведамляе «Будзьма».
Рэдактарам аўдыёверсіі з'яўляецца Сяргей Шупа.
Сюжэт кнігі, напісанай у 1962 годзе, цяпер успрымаецца як змрочнае папярэджанне пра наступствы несвабоды і дыктатуры. У сваім першым рамане Кен Кізі стварыў драпежны і жывучы свет, у якім складана ўбачыць мяжу паміж нармальнасцю і вар'яцтвам, свабодай і адказнасцю за тых, хто ў цябе паверыў.
У 1975 годзе аднайменны фільм паводле раману зняў сусветна вядомы рэжысёр Мілаш Форман. Кінакарціна атрымала «Оскар» ажно ў пяці намінацыях.
Кніжная серыя «Амерыканка» — незалежны выдавецкі праект, які аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. «Амерыканка» была заснаваная ў 2017 годзе сіламі перакладчыкаў мастацкай літаратуры. Кнігі выходзілі дзякуючы супрацы з шэрагам незалежных выдавецтваў і грамадзянскай супольнасцю, якая фінансавала выданні праз краўдфандынг.
вс