Беларуская Служба

Прадстаўлены новыя доказы катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі

16.03.2025 15:43
Пасля масавых пратэстаў у Беларусі 2020 года ГУБАЗіК стаў адным з ключавых інструментаў палітычных рэпрэсій.
   2020
Лукашэнкаўская міліцыя ў 2020 годзе Andrei Bortnikau/Shutterstock

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання з беларусамі. У даследаванні раскрываюцца асобы сілавікоў ГУБАЗіК, адказных за катаванні і рэпрэсіі супраць мірных грамадзян, паведамляе «Еўрарадыё». 

Пасля масавых пратэстаў у Беларусі 2020 года гэтае ўпраўленне МУС стала адным з ключавых інструментаў палітычных рэпрэсій. Мэта даследавання — дэананімізаваць злачынцаў у пагонах, датычных да катаванняў і жорсткага абыходжання, перадаць іх даныя ў органы правасуддзя і дамагчыся справядлівасці. 

У расследаванні згадваюцца Аляксандр Алёкса, Валерый Высоцкі і Іван Тарасік. Яны кіравалі аперацыямі па затрыманнях, у фабрыкаванні абвінавачанняў і ўжыванні катаванняў для атрымання прызнанняў. У новым даследаванні апісваюцца іх метады працы. Так, у справаздачы гаворыцца, што ГУБАЗіК сістэматычна прымяняў жорсткія метады ўздзеяння: 

Пабоі, электрашокеры, прымяненне псіхалагічнага ціску; 

Арганізацыя здымкаў «пакаяльных відэа», дзе затрыманых прымушалі публічна прызнавацца ў злачынствах, якіх яны не здзяйснялі; 

Кантроль аперацый па запалохванні актывістаў і іх сем’яў. 

У верасні 2024 года Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) з заклікам расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя сілавікамі Лукашэнкі. Літва настойвае, што частка злачынстваў была здзейсненая і на яе тэрыторыі, што дае МКС юрысдыкцыю паводле прынцыпу тэрытарыяльнасці.

вс