Беларуская Служба

Перасякаць мяжу Беларусі з Латвіяй можна будзе толькі аўтатранспартам

18.03.2025 08:48
Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі атрымала прапанову Дзяржаўнай памежнай аховы аб частковым закрыцці памежных пунктаў «Патэрніекі» на мяжы з Беларуссю (з беларускага боку — «Грыгараўшчына») і пунктаў «Грэбнева» і «Церахова» на расійскай мяжы.
   -
Памежны пропуск на беларуска-латвійскай мяжыgpk.gpv.by

Паводле падрыхтаванага МУС праекта рашэння, з 19 сакавіка мяжу ў згаданых пунктах можна будзе перасякаць толькі на аўтатранспарце. Абмежаванні ўводзяцца «з мэтай узмацнення аховы мяжы і павышэння эфектыўнасці памежнага кантролю». Тэрміны дзеяння абмежаванняў у праекце рашэння не пазначаны, піша Delfi.lv.

У анатацыі да праекта падкрэсліваецца, што частковае закрыццё памежных пунктаў абумоўлена геапалітычнай сітуацыяй у сувязі з ваеннымі дзеяннямі Расіі ва Украіне.

«Развязаная Расіяй вайна супраць Украіны, якая адкрыта падтрымліваецца Беларуссю, расцэньваецца як фактар рызыкі і магчымы матыў для Расіі і Беларусі працягваць намаганні па дэстабілізацыі сітуацыі на латвійскай мяжы», — заявілі ў МУС.

    Урад разгледзіць падрыхтаваны МУС праект рашэння ў аўторак, 18 сакавіка.

Як раней заявіў начальнік ДПА Гунціс Пуятс, у сувязі з наплывам мігрантаў памежная ахова звярнулася да ўрада з просьбай часткова закрыць памежныя пункты, дазволіўшы перасякаць мяжу толькі аўтатранспартам.

Начальнік ДПА расказаў, што ў выходныя дні памежны пункт «Патэрніекі» быў закрыты на кароткі час з-за нестабільнай працы тэхнічных сістэм і рызык, што ён можа быць выкарыстаны нелегальнымі мігрантамі, бо памежнікі заўважылі скапленне парушальнікаў на беларускім баку.

«Прааналізаваўшы інфармацыю, мы прыйшлі да высновы, што існуе высокая рызыка таго, што пункт можа быць выкарыстаны для масавага пранікнення нелегальных мігрантаў у Латвію», — сказаў Пуятс, дадаўшы, што па той бок мяжы сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, таму былі прынятыя прэвентыўныя меры, каб прадухіліць іх спробы трапіць у Латвію.

Як заявіла пасля пасяджэння кааліцыі прэм’ер-міністр Эвіка Сіліня, такія меры дазволяць абараніць Шэнгенскую зону ад «патэнцыйнай інструменталізацыі міграцыі».

Адказваючы на пытанне, ці будзе рашэнне дазволіць перасякаць мяжу толькі на аўтатранспарце дастатковым для забеспячэння бяспекі, Сіліня сказала, што будзе абмяркоўвацца пытанне, ці не пачнуць мігранты выкарыстоўваць механічныя транспартныя сродкі для перасячэння мяжы.

вх