У 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58 993 дзяцей — на 8,7% менш, чым у 2023-м, і гэта найменшы паказчык з 1950 года. Узровень нараджальнасці складае 6,6 на 1000 жыхароў — амаль як ва Украіне падчас вайны (6 на 1000).
Антраполаг Павел Церашковіч у "Нашай Ніве" адзначае, што нараджальнасць падае ва ўсіх былых сацыялістычных краінах з хрысціянскай большасцю, у адрозненне ад мусульманскіх (Цэнтральная Азія, Азербайджан), дзе насельніцтва расце.
Адной з прычын з’яўляецца змяненне мадэлі шлюбных паводзін — жанчыны пазней выходзяць замуж, скарачаецца рэпрадуктыўны перыяд. На дэмаграфічную сітуацыю ўплываюць таксама рэпрэсіі, міграцыя і вайна ва Украіне.
Паводле ААН, да 2100 года насельніцтва Беларусі можа скараціцца ўдвая. Спосабаў змяніць тэндэнцыю амаль няма: Паўднёвая Карэя выдаткавала 200 млрд долараў на стымуляванне нараджальнасці, але безвынікова. У развітых краінах колькасць насельніцтва падтрымліваецца дзякуючы міграцыі, чаго няма ў Беларусі.
нг