Мінчуку Дзянісу Бойдаку было 47 гадоў. Згодна з інфармацыяй з сацсетак, пасля школы вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава, а потым заняўся бізнесам – паведамляе «Наша Ніва».
Бойдак больш за 20 гадоў займаўся продажам адзення — оптам і ў розніцу — і меў некалькі бізнесаў. Да нядаўняга часу ў Бойдака было некалькі кропак па Мінску, дзе прадавалася адзенне.
8 чэрвеня 2023 года ў Кастрычніцкім судзе Мінска Дзяніса судзілі за ўдзел у пратэстах па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. У большасці падобных выпадкаў чалавек некалькі месяцаў да суда знаходзіцца ў СІЗА, а пасля атрымлівае хімію — з накіраваннем ці хатнюю, — і вызваляецца.
Дакладны прысуд Бойдаку невядомы, але, хутчэй за ўсё, яму таксама далі хімію.
30 чэрвеня 2023 года, праз некалькі тыдняў пасля суда, міліцыя ўключыла яго ў спіс «экстрэмістаў». Гэта значыць, што Бойдак вырашыў не пісаць апеляцыю і прысуд набыў сілу.
Тым часам бізнес сыпаўся — улетку 2023 закрылася адна з ягоных фірмаў, ІП было ў стане ліквідацыі. Засталася толькі адна юрыдычная асоба, да якой меў дачыненне Дзяніс і дзе ён быў дырэктарам.
Магіла Дзяніса Бойдака.
Дзяніс Бойдак памёр 4 чэрвеня 2024 года. Прычына ягонай смерці невядомая.
«Самы непарушны чалавек, ён выбіраўся з любога га*на. Ён ніколі не здаваўся, што б ні адбывалася», — пракаментавала ў фэйсбуку яго сяброўка. Дзясяткі чалавек, якія ведалі Дзяніса, напісалі словы спачування.
нг