Беларуская Служба

Ціханоўская: Адкрыццё прадстаўніцтва дэмсіл Беларусі ў Таліне — інвестыцыя ў агульную еўрапейскую будучыню

24.03.2025 18:13
У Таліне адкрыты Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі.
Аўдыё

Адкрыццё офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Таліне (Эстонія) з’яўляецца важным крокам, які  збліжае беларусаў і эстонцаў, а таксама інвестыцыяй у агульную еўрапейскую будучыню, — сказала лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская падчас адкрыцця Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Таліне.

Кіраўніком гэтага прадстаўніцтва будзе Віталь Малчанаў — прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі.

Гэта чацвёртае прадстаўніцтва дэмсіл Беларусі ў краінах Еўропы. Раней офісы былі адкрытыя ў Вільнюсе, Брусэлі і Празе.

«Сёння Эстонія дапамагае беларусам і ўкраінцам змагацца з расійскім імперыялізмам. Пасля гвалтоўнага захопу ўлады Лукашэнкі ў 2020 годзе Эстонія прыняла сотні беларускіх палітычных уцекачоў. Многія з іх засталіся ў Эстоніі і робяць свой унёсак у эканоміку, грамадства і дэмакратыю краіны. Мы вельмі ўдзячныя вам за тое, што вы працягваеце нам руку дапамогі ў гэтыя нялёгкія часы», — падкрэсліла Ціханоўская.

Падчас мерапрыемства з прамовамі выступілі эстонскія і беларускія палітыкі. Таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання Марка Коплімаа — спецыяльнага прадстаўніка   Эстоніі па справах дэмакратычных сілаў Беларусі.

У рамках візіту ў Талін Ціханоўская правядзе перамовы з кіраўніком МЗС, спікерам парламента, а таксама мэрам эстонскай сталіцы.

вх