Беларуская Служба

У Вярхоўнай радзе заклікалі разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю

25.03.2025 17:10
Міжфракцыйнае аб'яднанне дэпутатаў Вярхоўнай рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь»  заклікала афіцыйны Кіеў разарваць дыпламатычныя адносіны з Мінскам.
 .
Ілюстрацыйнае фота.facebook.com/verkhovna.rada.ukraine

Адпаведны дакумент у сваім тэлеграм-канале апублікаваў украінскі нардэп Аляксей Ганчарэнка.

У дакуменце зазначаецца, што 25 сакавіка беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі — свята абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў, якая зацвердзіла дзяржаўнымі сімваламі бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і беларускую мову.

«Сёння за бел-чырвона-белы сцяг на вуліцах Беларусі адпраўляюць у турму, а беларуская мова знаходзіцца на мяжы знікнення. Дзесяткі гадоў «апошні дыктатар Еўропы» сцірае беларускую культуру і мову і ператварае Беларусь у дэ-факта акупаваную Расіяй тэрыторыю, тысячы беларусаў гадамі знаходзяцца ў незаконным зняволенні, а мільёны людзей вымушаны шукаць прыстанішча ў іншых краінах».


. .

Міжфракцыйнае аб'яднанне дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» заклікае ўрад Украіны:

- Разарваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі;

- прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй;

- перадаць памяшканне беларускага пасольства дэмакратычным сілам Беларусі.

Украінскія дэпутаты таксама заклікаюць міжнародную супольнасць і ўрады краін-партнёраў да поўнай палітычнай і эканамічнай ізаляцыі афіцыйнага Мінска і ўзмацнення санкцыйнага ціску на Лукашэнку.

Заканчваецца дакумент словамі: «Жыве Беларусь! Слава Україні!».

zerkalo.io/вх