Беларуская Служба

У дзень інаўгурацыі Лукашэнкі вайскоўцы і супрацоўнікі АМАП насуперак прысязе пакляліся яму ў асабістай вернасці

25.03.2025 17:17
«Клятву на вернасць беларускаму народу і прэзідэнту Рэспублікі Беларусь» прынеслі вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых структур 25 сакавіка, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
                25  2025 .
«Клятву на вернасць беларускаму народу і прэзідэнту Рэспублікі Беларусь» прынеслі вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых структур 25 сакавіка 2025 года. Фота: Мінабароны

Цырымонія адбылася ў Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга.

Тэкст «клятвы» перад апранутым у вайсковую форму Лукашэнкам прачытаў у мікрафон дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч (па відэа ў тэлеграм-канале ведамства).

«Таварыш галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь! Мы, вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых ведамстваў Рэспублікі Беларусь, запэўніваем увесь беларускі народ і вас, таварыш галоўнакамандуючы, у тым, што заўсёды гатовыя надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай радзімы. Сёння, у дзень уступлення на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы ўрачыста клянёмся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцы айчыны. Беззапаветна служыць беларускаму народу і прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Абараняць нашу радзіму мужна, умела, не шкадуючы ні сіл, ні самога жыцця», — сказаў Вальфовіч.

«Клянёмся!» — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі. «Клянёмся!» — паўтарылі вайскоўцы і сілавікі.

Далей загучаў дзяржаўны гімн, падчас яго выканання ў кадры паказалі шарэнгі вайскоўцаў (меркавана Сіл спецыяльных аперацый), супрацоўнікаў АМАП МУС, курсантаў.

У тэксце вайсковай прысягі няма клятвы на вернасць асабіста прэзідэнту.

На сайце Мінабароны тэкст вайсковай прысягі выкладзены наступным чынам: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь (прозвішча, імя, імя па бацьку), урачыста клянуся быць адданым свайму народу, свята выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні вайсковых статутаў і загады камандзіраў і начальнікаў. Клянуся годна выконваць вайсковы абавязак, мужна і самаахвярна абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь».

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны тэкст «прысягі асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў»: «Я, (прозвішча, імя, імя па бацьку), паступаючы на службу ў органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, прысягаю на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Клянуся свята выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, добрасумленна выконваць загады начальнікаў і ўскладзеныя на мяне абавязкі. Клянуся быць сумленным, мужным, пільным пры выкананні службовага абавязку, строга захоўваць дзяржаўную і службовую таямніцу. Клянуся, не шкадуючы свайго жыцця, ахоўваць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў. Калі ж я парушу прынятую мною прысягу, то гатовы несці адказнасць, устаноўленую законамі Рэспублікі Беларусь».

Сёмая інаўгурацыя Лукашэнкі адбылася 25 сакавіка ў Мінску. Ён знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года.

pozirk.online/вх