Беларуская Служба

У Мінску затрымалі «куратара» нелегальнай міграцыі, які выкраў двух чалавек і патрабаваў выкуп

28.03.2025 16:20
Абвінавачваны здымаў на відэа катаванні выкрадзеных, выслаў відэа іхным родзічам і патрабаваў выкуп.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

Мінская пракуратура паведаміла пра крымінальную справу супраць 31-гадовага замежніка, якога называюць куратарам нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі ў Еўрасаюз і падазраюць у выкраданні двух замежнікаў.

Паводле пракуратуры, мужчына адказваў за транзіт грамадзянаў трэціх краінаў праз Беларусь у Еўрасаюз. Два мужчыны чакалі пераходу мяжы, але ў іх скончыліся харчы. Яны звязаліся з «куратарам», той выклікаў ім таксоўку, прывёз сабе дамоў.

Дома звязаў ім рукі і ногі, заткнуў раты майкамі, пагражаў вербальна і нажом. Ён зняў ізаляцыю з электрычнага дроту падаўжальніка, імітаваў падключэнне дроту да сеткі і датыкаўся гэтым дротам да пацярпелых, здымаў гэта на тэлефон. Відэа выслаў родзічам пацярпелых, патрабаваў перадаць грошы свайму знаёмаму.

Сілавікі ацанілі маральную і фізічную шкоду ад дзеянняў затрыманага на 1,4 млн індыйскіх рупіяў, або 53,4 тысячы беларускіх рублёў. Мужчыну выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 182 і ч. 3 арт. 208 КК РБ – «Выкраданне чалавека» і «Вымагальніцтва».

Сілавікі і самі адкрыта бяруць удзел у арганізацыі нелегальнай міграцыі. Мігранты неаднаразова заяўлялі пра катаванні з боку сілавікоў.

Плынь мігрантаў не спыняецца. Паводле статыстыкі літоўскіх памежнікаў, толькі за мінулы дзень было 164 спробы нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу і 8 спробаў – беларуска-латвійскую. Спробаў нелегальнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы за мінулы дзень не заўважылі, але з пачатку года памежнікі не пусцілі ў Літву 185 мігрантаў.

У Польшчы ў сувязі са штучна створаным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам 26 сакавіка прынялі закон аб часовым і тэрытарыяльным абмежаванні права на прыём прашэнняў аб міжнароднай абароне.

Белсат/ав