Адным з прыкладаў з'яўляецца абмежаванне імпарту бярозавай фанеры з Усходу, якая трапляла ў Еўрасаюз з Усходу праз Казахстан. Аднак прадпрымальнікі б'юць трывогу, што дзеянні Еўракамісіі ў гэтай сферы цяпер прыводзяць да праблем з доступам да сыравіны.
Бярозавая фанера з'яўляецца важнай сыравінай, якая выкарыстоўваецца, у тым ліку, у мэблевай прамысловасці. Яе экспарт быў важным элементам для эканомік Расіі і Беларусі, таму ў 2022 годзе Еўракамісія ўвяла санкцыі ў дачыненні да гэтай сыравіны. Абысці іх Расія і Беларусь маглі праз экспарт фанеры праз Казахстан.
Як распавяла Магдалена Хмялеўска-Холева, мытны эксперт, з 2022 года імпарт бярозавай фанеры з Казахстану ў ЕС пачаў імкліва расці:
— У 2021 годзе мы амаль не мелі імпарту бярозавай фанеры. У 2022-ім годзе пачаліся некаторыя пастаўкі, а ў 2023-ім ужо мелі пяцікратны рост аб'ёмаў імпарту — 55 тысяч тон бярозавай фанеры цягам года.
Дзякуючы ўзмацненню памежнага кантролю ў 2024 годзе ўдалося скараціць імпарт бярозавай фанеры з Казахстана ў ЕС да менш чым 19 тыс. тон. Аднак праблема ўсё яшчэ існуе, пра што сведчыць паведамленне Еўракамісіі ад сакавіка гэтага года аб рызыцы абыходу санкцый, уведзеных на імпарт расійскай і беларускай фанеры, што ўвозіцца ў ЕС з Кітая, Казахстана, Турцыі і краін, якія падтрымліваюць цесныя гандлёвыя адносіны з Расіяй.
Разам з тым Магдалена Хмялеўска-Холева падкрэсліла, што негатыўным наступствам узмацнення кантролю з'яўляецца абмежаваны доступ да легальна ўвезенай сыравіны.
За парушэнне палажэнняў санкцый прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне, якое можа складаць да 20 мільёнаў злотых. Акрамя таго, асобы, непасрэдна звязаныя з працэдурай, прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, пакаранне — аж да пазбаўлення волі.
IAR/вх