Беларуская Служба

У Літве ўсё ж вырашылі не караць беларусаў, якія часта ездзяць дадому

17.04.2025 15:28
Сейм Літвы падоўжыў нацыянальныя санкцыі для расіян і беларусаў, узмацніць іх жорсткасць не ўдалося.
Flaga Litwy
Flaga LitwyMNStudio/Shutterstock

На фоне вайны Крамля супраць Украіны Сейм Літвы падоўжыў яшчэ на адзін год да мая 2026 года нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі, паведамляе  lrt.lt.

За гэта прагаласавалі 115 сябраў Сейма, супраць не было ніводнага, адзін палітык устрымаўся.

Пасля абмеркавання парламентарыі падтрымалі больш жорсткія абмежавальныя меры, чым дзейныя цяпер, аднак у працэсе канчатковага прыняцця ад іх адмовіліся.

Меркавалася больш зраўняць санкцыі для грамадзян Расіі і Беларусі, адмовіўшыся прымаць ад апошніх, як і ад расіян, заявы на выдачу дазволаў на пражыванне ў Літве, калі ў іх няма дзейнай візы.

Аднак у выніку гэтая ініцыятыва не была падтрымана, бо было заяўлена, што нельга прыраўноўваць грамадзян Беларусі да расіян, паколькі яны не апраўдваюць і не падтрымліваюць агрэсіўныя дзеянні і палітыку, якія ажыццяўляюцца супраць Украіны.

Такім чынам, Сейм Літвы не падтрымаў новыя абмежаваньні, якія маглі пагоршыць умовы жыцця для беларусаў з ВНЖ. Усе папраўкі, што датычыліся беларусаў — адхіленыя.

Таму для беларусаў па-ранейшаму дзейнічае прававы механізм для ўезду ў Літву з мэтай працоўнай дзейнасці.

Таксама прапаноўвалася ануляваць ужо выдадзеныя дазволы на пражыванне ў Літве, калі грамадзяне Расіі ці Беларусі больш за адзін раз на працягу трох каляндарных месяцаў наведвалі гэтыя краіны. Ад гэтай прапановы таксама адмовіліся падчас галасавання.

Як раней паведамляла BNS, згодна з законам аб увядзенні абмежавальных мер у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, прыпынены прыём заяў на выдачу шэнгенскіх і нацыянальных віз ад грамадзян Расіі і Беларусі, за выключэннем выпадкаў, калі за гэтым хадайнічае Міністэрства замежных спраў Літвы. Не прымаюцца таксама заявы расіян на часовае пражыванне ў Літве, выключэнне складаюць асобы, якія маюць дзейную шэнгенскую або нацыянальную візу, дазвол на пражыванне ў Літве або ў іншай краіне Еўрапейскага Саюза.

Расіяне і беларусы, якія ўязджаюць не праз знешнюю граніцу ЕС, дадаткова правяраюцца на прадмет пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, унутранай бяспецы, грамадскаму здароўю або міжнародным адносінам.

вх