Беларуская Служба

Сястра віцебскага смяротніка збіраецца змагацца за жыццё брата

09.08.2019 15:57
 «Прысуд несправядлівы. (...) Ён не мог адзін так прыбраць дом, схаваць усё так, каб практычна слядоў ніякіх не засталося».
Ilustracja
Ilustracjadecade_null via Foter.com / CC BY

Напрыканцы ліпеня ў Віцебску да вышэйшай меры пакарання прысудзілі Віктара Паўлава, якога абвінавацілі ў забойстве дзвюх пенсіянерак на Віцебшчыне.

Сястра Паўлава Раіса, распавяла праваабаронцам «Вясны», што збіраецца змагацца за жыццё Віктара. У аўторак, 6 жніўня, яна наведала брата ў Віцебскім следчым ізалятары, дзе ў камеры яго ўтрымліваюць аднаго. Гэта было іх першае спатканне пасля суда.

«Нам далі дзве гадзіны. Ён быў у касцюме аранжавага колеру. Падчас спаткання Віця быў прыкаваны кайданкамі да стала. Увесь час каля нас стаяў ахоўнік. Паўсюль віселі відэакамеры, таму мы не маглі размаўляць абсалютна на ўсе тэмы», – распавяла абставіны спаткання сястра асуджанага.

Яна спадзявалася да апошняга, што прысуд будзе іншы. Па словах Раісы, яна нават не ведала, што ў Беларусі дагэтуль суды выносяць смяротныя прысуды. Сястра Паўлава звярнулася да праваабаронцаў «Вясны» за дапамогай: «Прысуд несправядлівы. Думаю, што ён не адзін гэта ўсё рабіў. Ён не мог адзін так прыбраць дом, схаваць усё так, каб практычна слядоў ніякіх не засталося».

Як адзначыў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда, справа Паўлава тыповая для Беларусі.

Дзяржава, калі выносіць смяротны прысуд за злачынствы, якія адбываюцца на побытавай глебе, па сутнасці, не хоча разбірацца ў прычынах іх здзяйснення. Такія кейсы дэманструюць, што мэты крымінальнай адказнасці ў нашай краіне не дасягаюцца. Так і ў гэтай сітуацыі, выкрэсліваючы Паўлава з грамадства смяротным прысудам, дзяржава не задаецца пытаннем, чаму чалавек, які ўжо адбыў тэрмін у месцах пазбаўлення волі, зноў здзейсніў злачынства, і ніякага выпраўлення асуджанага не адбылося.

Сястра Паўлава паведаміла праваабаронцам, што Віктар ужо даслаў скаргу ў Вярхоўны суд. Раіса спадзяецца, што вынесены смяротны прысуд у дачыненні да яе брата будзе перагледжаны.

Нагадаем, гэта ўжо другі смяротны прысуд вынесены ў гэтым годзе ў Беларусі.

яс