Беларуская Служба

У Мінскай вобласці шматдзетных абяцалі забяспечыць жыллём

11.08.2019 09:52
На цэнтральны рэгіён прыпадае 28% ад усяго будаванага жылля ў краіне.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Shutterstock.com/Fabio Balb

Больш за 2 тысячы шматдзетных сем'яў Мінскай вобласці атрымаюць жыллё ў 2019 годзе, паведаміла прэс-служба Мінаблвыканкама.

Мінскай вобласць – лідэр па жыллёвым будаўніцтве, адзначаецца ў паведамленні. На цэнтральны рэгіён прыпадае 28% ад усяго будаванага жылля ў краіне - піша сайт Naviny.by.

«Толькі ў першым паўгоддзі ўведзена ў эксплуатацыю больш за 530 тысяч м² жылля. Кожны пяты дом здаецца для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі.

З 2015 года наваселле адзначылі больш за 1.800 шматдзетных семʼяў вобласці. У гэтым годзе плануецца засяліць не менш за 2.112 семʼяў дадзенай катэгорыі.

«Пастаўлена задача за 2019-2020 гады забяспечыць жыллём шматдзетных у такім абʼёме, каб далей яны стаялі на чарзе ўсяго год, – цытуе прэс-служба намесніка старшыні камітэту па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Аляксея Быкава. – Зыходзячы з гэтага быў сфармаваны план вобласці».

Як адзначае прэс-служба, будгаліна Мінскай вобласці вытрымлівае формулу, згодна з якой кошт квадратнага метра жылля роўны сярэдняй зарплаце.

Так, сярэдняя цана 1 квадрата жылля за студзень-снежань мінулага года склала 1.054 рубля, а 1 квадрата з дзяржпадтрымкай – 923 рубля. У студзені-чэрвені бягучага года метр з падтрымкай дзяржавы каштаваў 835 рублёў (пры сярэдняй зарплаце – 1.043 рубля).

«У Мінскай вобласці зарэгістравана больш за 2,5 тысячы юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць такі від эканамічнай дзейнасці, як будаўніцтва. У Барысаўскім і Салігорскім раёнах размяшчаюцца два прадпрыемствы буйнапанэльнага домабудавання. Ёсць прадпрыемствы, якія выпускаюць будаўнічыя матэрыялы. Усё гэта ўплывае і на тэмпы будаўніцтва жылля», – адзначыў Быкаў.

Усяго ў будаўнічым комплексе Мінскай вобласці працуе больш за 21 тысячы чалавек. Пры гэтым прадпрыемствы захоўваюць станоўчую дынаміку па ўзроўні абʼёмаў падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі, падкрэсліў намеснік кіраўніка камітэту.