Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў прадставіў сёння асноўныя прадпасылкі замежнай палітыкі дзяржавы. Ён заявіў, што Польшча падтрымлівае і далей будзе падтрымліваць незалежных актывістаў у Беларусі, у тым ліку СМІ і беларускіх бежанцаў, прадпрымальнікаў і студэнтаў.
Кіраўнік польскага МЗС заявіў, што Польшча будзе патрабаваць ад беларускага рэжыму вызвалення палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута (дзеяч Саюза палякаў Беларусі, журналіст).
- Калі беларускія ўлады і далей будуць адмаўляцца выпусціць яго з турмы, будуць працягваць рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян, у тым ліку прадстаўнікоў польскай нацменшасці, калі яны далей будуць правакаваць міграцыйную атаку на мяжы з Польшчай, мы будзем паслядоўна імкнуцца да таго, каб Еўрапейскі Саюз уводзіў чарговыя санкцыі.
Міністр замежных спраў адзначыў, што сёння Польшча ўспрымае Беларусь як цалкам залежную ад Расіі краіну. Збігнеў Раў падкрэсліў, што ў Беларусі кіруе рэжым, пазбаўлены якой-небудзь легітымнасці ад беларускага грамадства.
IAR/нг