Беларуская Служба

BySol з зімы 2021 году эвакуяваў з Беларусі больш як тысячу чалавек, цяпер абвяшчае збор на аднаўленне здароўя былым палітвязням

28.08.2023 14:03
Андрэй Стрыжак падзяліўся з агенцтвам BPN некаторымі вынікамі працы фонду BySol за апошнія тры гады.
Ілюстрацыйны здымакфота: Facebook

Андрэй Стрыжак падзяліўся з агенцтвам BPN некаторымі вынікамі працы фонду BySol за апошнія тры гады. У прыватнасці, ён расказаў, які сярэднегадавы аб’ём ахвяраванняў на арганізацыю, паведамляе Радыё Свабода.

«У 2020 годзе BySol разам з ініцыятывай ByHelp сабралі і раздалі каля 8 млн еўра. У 2021-м і 2022-м сярэднегадавы аб’ём данатаў, сабраных BySol, знаходзіўся ў межах 1-1,5 млн еўра. Гэта прыватныя ахвяраванні, якія найчасцей ідуць канкрэтным людзям. За тыдзень BySol атрымлівае ад 7 да 10 заявак на адрасную дапамогу, прыкладна па адной на дзень. Агульная колькасць такіх заявак ужо перавысіла 900. Мы пачалі прымаць іх 1 красавіка 2021 году. Вядома, ухваляюцца не ўсё. Агулам мы размясцілі каля 800 аб’яў аб зборы сродкаў, і не было ніводнай з нулявым вынікам», расказаў Стрыжак.

Як адзначае кіраўнік фонду BySol, часта на дапамогу рэпрэсаваным ахвяруюць грошы такія ж самыя рэпрэсаваныя, якія ў свой час атрымалі падобную падтрымку. Але ёсць істотная цяжкасць – пераслед за ахвяраванні ў Беларусі.

«У плане атрымання сродкаў у нас цяпер цалкам «адсечаны« любыя беларускія плацежныя механізмы. Мы ўсюды падкрэсліваем, каб людзі нідзе і ніколі не выкарыстоўвалі іх. Гэта не ілюзорная небяспека. За данаты каля 20 чалавек асуджаныя альбо знаходзяцца ў чаканні суду ці пад следствам».

За час працы фонду вывезці з Беларусі ўдалося больш за тысячу чалавек, якім пагражаў арышт і іншыя віды пераследу.

Калі раней эвакуацыяй займаўся адзін супрацоўнік фонду, дык цяпер гэтым займаецца цэлая група людзей «з рознай кампетэнцыяй», сказаў Андрэй Стрыжак.

Пад канец 2023 году фонд спадзяецца павялічыць дапамогу на палітвязняў.

Каманда BySol стварыла дабрачынную кампанію, каб дапамагчы былым палітвязням аднавіць іх здароўе пасля знаходжання ў нечалавечых умовах беларускіх турмаў і ізалятараў. Іх ментальны і фізічны стан моцна пацярпелі, і цяпер людзі маюць патрэбу ў падтрымцы, каб паправіць сваё здароўе, паведаміў фонд, абвяшчаючы кампанію.

Усе сабраныя сродкі накіруюць на дапамогу сем’ям палітзняволеных, якія вызваліліся і маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

яс