Паводле задання на распрацоўку перадпраектнай дакументацыі, флагшток неверагодных памераў павінен з'явіцца на плошчы 1000-годдзя. Прыблізная вышыня флагштока — ад 50-ці да 64,5 метраў. Гэта прыкладна адпавядае вышыні 16-ці або 21-павярховага дома.
Акрамя флагштока, поруч з ім павінны ўсталяваць выяву сучаснага герба Рэспублікі Беларусі і тэкст гімна. Ініцыятыву віцебскіх улад ужо параўноўваюць са скандальным праектам па ўзвядзенні флагштока ў Гомелі.
Падабенства палягае ў тым, што абодва аб'екты маюць чыста ідэалагічны сэнс. У Віцебску, як і ў Гомелі, аб'екты плануюць пабудаваць да прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе. Аднак у Віцебску ўлады вырашылі правесці грамадскае абмеркаванне, якое стартуе 26 снежня. У Гомелі чыноўнікі, парушыўшы закон, не абмяркоўвалі сваёй ідэі з гараджанамі.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск