Беларуская Служба

З'явіліся некаторыя падрабязнасці затрымання каталіцкага святара з Валожына

27.11.2023 18:03
Да ксяндза Генрыха Акалатовіча пакуль не дапускаюць адваката, з якім заключаная дамова. Высветлілася, што па справе святара затрымалі яшчэ аднаго чалавека.
  .
Ксёндз Генрых калатовіч.Фота: screenshot

Зʼявіліся некаторыя звесткі пра затрыманага ў Валожыне пробашча каталіцкай парафіі Святога Юзафа ксёндз Генрыха Акалатовіча. Яго затрымалі 16 лістапада, ва ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай). 10 дзён, на працягу якіх святару маглі прадʼявіць абвінавачанне, ужо скончыліся. Аднак паводле апошняй даступнай інфармацыі, якой падзяліліся з Katolik.life дасведчаныя крыніцы, абвінавачанне пакуль так і не прадʼяўлена.

Згодна з унесенымі ў Крымінальны кодэкс зменамі, чалавеку, якога падазраюць, у прыватнасці, у здрадзе дзяржаве, шпіянажы, тэрарызме, абвінавачанне могуць прадʼяўляць на працягу 20 сутак.

Такім чынам, ксяндзу Генрыху Акалатовічу павінны прадʼявіць абвінавачанне да 6 снежня. А пакуль гэтага не адбылося і святар не атрымаў статус арыштаванага, для яго адмаўляюцца прымаць цёплыя рэчы і прадукты. Атрымалася перадаць святару толькі бялізну, сродкі гігіены, ручнік і таблеткі – ён мае сурʼёзныя хваробы, таму вымушаны прымаць некалькі відаў лекаў.

Адваката, з якім заключана дамова па абароне святара, да яго пакуль не дапускаюць, у працэсуальных дзеяннях удзельнічае дзяжурны адвакат.

Акрамя таго стала вядома, што была затрымана таксама жанчына, якая ўжо каля 20 гадоў дапамагала весці гаспадарчыя справы ў плябаніі (хаце святара).

katolik.life/вх