У 2023 годзе 600 грамадзян Беларусі і 523 грамадзяне Расіі атрымалі адмовы ва ўездзе ў Літву з прычыны пагрозы нацыянальнай бяспецы. Такія лічбы назвала 27 лістапада міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце, – піша euroradio. Агулам сёлета Літва забараніла ўезд 16 тысячам чалавек, у сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Таксама міністр паведаміла, што ад пачатку года ў краіне атрымалі працу каля 50 тысяч чалавек. Гэта пераважна грамадзяне Беларусі, Узбекістана, Украіны і Кыргызстана. Таксама павялічваецца колькасць працоўных мігрантаў з Таджыкістана, Казахстана і Азербайджана.
Раней Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы паведамляў, што 1644 беларусы былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы цягам апошняга года. Сярод расіян такіх было 397 чалавек. Год таму, у лістападзе 2022-га, у Літве ўвялі спецыяльную анкету, якую абавязкова запаўняюць грамадзяне Беларусі і РФ. У анкеце яны мусяць абазначыць сваё стаўленне да расійскай агрэсіі ва Украіне.
эж