Беларуская Служба

Ужо 23 чалавекі з пачатку года пакаралі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на Пастаўшчыне

28.11.2023 16:20
Такія дадзеныя мясцовай раёнцы назвалі ў Пастаўскім РАУС.
Ілюстрацыяфота: ilikeyellow/shutterstock

Паводле слоў начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС Паўла Нагановіча, з пачатку 2023 года па артыкуле 19.11 КаАП Беларусі (распаўсюджванне, выраб, захоўванне перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 23 жыхары Пастаўшчыны.

22 з іх размяшчалі ў сацыяльных сетках так званыя экстрэмісцкія матэрыялы, а адзін, як кажа Нагановіч, захоўваў дома лістоўкі з мэтай далейшага распаўсюду. Нагановіч кажа, што міліцыянты ды іншыя структуры падчас розных праверак і маніторынгаў сацыяльных сетак і да гэтай пары часта выяўляюць на старонках людзей рэпосты матэрыялаў, якія ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі.

Але міліцыянт не кажа пра тое, што праўдзівая і аб’ектыўная інфармацыя называецца ўладамі экстрэмісцкай, а прапаганда лічыцца правільнай інфармацыяй, і што за заклікі «Не вайне!» у Беларусі цяпер людзей проста кідаюць за краты.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск