Беларуская Служба

Па «справе Каардынацыйнай рады» – звыш 100 падазраваных: у іх хочуць канфіскаваць маёмасць у Беларусі

28.11.2023 18:30
Спіс людзей нібыта перадаў СК адзін з былых членаў Каардынацыйнай рады, які прыехаў назад у Беларусь з дапамогай так званай Камісіі па вяртанні.
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь .

У Каардынацыйнай радзе назвалі ператрусы 28 лістапада ў яе членаў і крымінальную справу яўным парушэннем асноўных правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.

Пасля з'яўлення першай інфармацыі пра ператрусы ў членаў Каардынацыйнай рады падрабязнасці ініцыяванай рэжымам справы расказалі ў Следчым камітэце, паведамляе Радыё «Свабода».

Сілавікі заявілі, што па справе аб «радыкальных ячэйках», якія імкнуліся «захапіць дзяржаўную ўладу» ў Беларусі, ёсць новыя імёны, якіх следства раней ня ведала. Агулам колькасць падазраваных перавысіла 100 чалавек. Гэтыя людзі выехалі за мяжу.

Спіс людзей нібыта перадаў СК адзін з былых членаў Каардынацыйнай рады, які прыехаў назад у Беларусь з дапамогай так званай Камісіі па вяртанні. Гэты чалавек быццам бы «раскаяўся ў злачынствах» і назваў сілавікам усіх, хто мае дачыненне да Каардынацыйнай рады.

Гэтым СК патлумачыў шэраг ператрусаў, якія прайшлі ў Менску і іншых месцах краіны 28 лістапада. Цяпер сілавікі высвятляюць, якую маёмасць, у тым ліку нерухомасць, яшчэ маюць на радзіме фігуранты справы. На яе накладуць арышт.

У верасні на праўладным канале выйшаў сюжэт пра былога ўдзельніка Каардынацыйнай рады, лекара Аляксандра Піпкіна, які вярнуўся ў Беларусь пасля звароту ў «камісію па памілаванні».

У прэс-службе Каардынацыйнай рады заявілі, што праводзяць верыфікацыю сяброў КР, каб праверыць інфармацыю СК.

вс