Урад Беларусі прадоўжыў яшчэ на год тэрмін дзеяння пасведчанняў аб адкрыцці карэспандэнцкіх пунктаў двух расійскіх СМІ – інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» і тэлекампаніі НТВ, паведамляе «Свабода».
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове Савета Міністраў, акрэдытацыю інфармацыйнага агенцтва прадоўжылі да 2 снежня 2024 года, а тэлеканала НТВ – да 6 снежня наступнага года.
Пастанову падпісаў кіраўнік беларускага ўрада Раман Галоўчанка.
У кастрычніку 2020 года, пасля масавых акцый пратэсту, выкліканых фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Міністэрства замежных спраў Беларусі анулявала акрэдытацыі ўсім замежным журналістам, якія працавалі ў Беларусі. Было заяўлена аб пераакрэдытацыі паводле новага палажэння Саветa Міністраў.
У ліпені 2023 года ўлады Беларусі анулявалі акрэдытацыю апошняму карэспандэнту з краін Захаду, які працаваў у Мінску, Юстыне Прус з польскага інфармагенцтва РАР, якая працавала ў краіне з 2016 году. Камітэт дзяржаўнай бяспекі забараніў журналістцы ўезд у Беларусь. Цягам усяго перыяду працы ў Беларусі карэспандэнтка РАР мела акрэдытацыю ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.
Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, асвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе.
Першага ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія яшчэ больш абмежавалі свабоду слова ў краіне.
Сярод іншага прадугледжваецца «магчымасць увядзення забароны на дзейнасць замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку праяў замежнымі дзяржавамі недружалюбных дзеянняў у дачыненні беларускіх СМІ».
аз