Беларуская Служба

Названы пераможцы Нацыянальнай праваабарончай прэміі Беларусі

10.12.2023 17:43
Прэмія ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека. Сёлета ў гэтай намінацыі два пераможцы – Алег Агееў і Наталля Мацкевіч.
.
.Фота: архіў Беларускага дома правоў чалавека

У Вільні 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, узнагародзілі пераможцаў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці, - паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Прэмія ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека. Сёлета ў гэтай намінацыі два пераможцы – Алег Агееў і Наталля Мацкевіч.

Алег Агееў – намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. З 2015 году ён кіруе Прававым цэнтрам БАЖ, працуе ў сферы свабоды выказвання і свабоды СМІ. Пасля ператрусу 16 лютага 2021 года спадар Агееў вымушаны быў пакінуць Беларусь і цяпер працягвае дзейнасць у БАЖ за мяжой. Наталля Мацкевіч – адвакат. Выступала абаронцам у рэзанансных палітычных працэсах: абараняла кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, анархіста Міколу Дзядка.

Палітвязень Аляксандр Манцэвіч стаў пераможцам у намінацыі «Журналіст года». Ён з'яўляецца заснавальнікам і галоўным рэдактарам незалежнай грамадска-палітычнай «Рэгіянальнай газеты» у горадзе Маладэчна. У 2023 годзе яго арыштавалі і асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. Спадар Манцэвіч віны не прызаў і перад прысудам выступіў са смелым апошнім словам.

Праваабарончая кампанія года названа служба эвакуацыі BYSOL. Кірунак «Эвакуацыі» фонду BYSOL дапамагае з экстраным выездам з Беларусі тым, каму пагражае палітычна матываваная крымінальная адказнасць. Да іх звяртаюцца актывісты, дваравыя ініцыятывы, праваабаронцы, журналісты і іншыя. За амаль тры гады існавання служба эвакуацыі BYSOL дапамагла велізарнай колькасці людзей пакінуць краіну і ўратаваць сваю свабоду. 1848 чалавек агулам атрымалі падтрымку службы: кансультацыю ці суправаджэнне выезда.

Першым пераможцам у новай намінацыі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці «Праваабарончая салідарнасць года» стала Паліна Шарэнда-Панасюк – грамадская актывістка з Берасця. Была затрыманая 3 студзеня 2021 года, атрымала два гады калоніі.

На Паліну Шарэнду-Панасюк моцна ціснуць у турме: рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар, не перадаюць ёй прадуктовыя перадачы ад сваякоў і бандэролі з лекамі.

эж