Беларуская Служба

У Віцебску зноў будуць судзіць лідарку незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву

10.06.2024 09:45
Працэс будзе закрытым.
Вольга Брыцікаваspring96.org

У Віцебскім абласным судзе ў закрытым працэсе 11 чэрвеня будзе разглядацца крымінальная справа лідаркі незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгі Брыцікавай.

Яе абвінавачаваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК. Справу прызначаны разглядаць суддзя Уладзімір Чаравач.

Суд па гэтым артыкуле над палітзняволенай Брыцікавай пачаўся 11 сакавіка, апошняе судовае пасяджэнне датуецца 14 сакавіка. Верагодна ў гэты дзень быў вынесены прысуд, вынік якога невядомы.

Паколькі сутнасць прад’яўленых абвінавачанняў не змянілася, можна меркаваць, што прысуд быў абскарджаны ў апеляцыйным парадку і прызначана судовае разбіральніцтва.

Вольга Брыцікава ў траўні 2022 года выйшла на волю пасля 75 сутак арышту за выказванні супраць вайны. Была затрыманая 1 лістапада зноў па адміністрацыйным артыкуле. Праз два дні суд прызнаў яе вінаватай у распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прызначыў 15 сутак арышту. 11 лістапада яе зноў асудзілі на 15 сутак за «несанкцыянаваны пікет». Падставай для разбіральніцтва стаў малюнак з надпісам «Не вайне», які Вольга апублікавала ў сацсетках.

Вольгу паўторна затрымалі ў жніўні 2023 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт. 361 ч.2 КК («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве»). Аднак у ходзе следства абвінавачанне было змененае.

spring96.org/вх