Беларуская Служба

Суд арыштаваў малдаўскую пару, якая прымушала інвалідаў жабраваць

16.08.2024 08:15
Сямейная пара з Малдовы ў 2021 годзе прывезла ў Польшчу двух расіян-інвалідаў, абяцаючы ім легальную працу.
Затрыманая малдаванкафота: Straz Graniczna

Суд арыштаваў на тры месяцы малдаўскую пару, 26-гадовую жанчыну і яе на год старэйшага мужа. Пракуратура абвінавачвае іх у гандлі людзьмі. Яны прывезлі ў Польшчу двух расіян-інвалідаў і, між іншым, прымушалі іх жабраваць пад гіпермаркетамі.

Справу раскрылі супрацоўнікі Вармінска-Мазурскага аддзела Памежнай службы дзякуючы таму, што аднаго з эксплуатаваных расіян накіравалі ў цэнтр для замежнікаў у Кентшыне. Функцыянеры правялі гутарку з расіянінам, пасля чаго ў іх узніклі падазрэнні, ці не стаў ён ахвярай гандлю людзьмі.

Аказалася, што сямейная пара з Малдовы ў 2021 годзе прывезла ў Польшчу двух расіян-інвалідаў, абяцаючы ім легальную працу.


. 

Расіяне, якія былі інвалідамі і павінны былі карыстацца інваліднымі каляскамі, замест гэтага выкарыстоўвалі для перамяшчэння «канструкцыю». Гэта былі будаўнічыя дошкі, прымацаваныя да невялікіх колаў. Каб было зручней, дошку пакрылі губкай і абцягнулі кавалкам тканіны. Расіяне жабравалі ў Мазавецкім, Падкарпацкім, Малапольскім, а ў апошні час Паморскім ваяводствах.

У доме малдаван знойдзены і канфіскаваны еўра і злотыя на суму больш за 66 тысяч злотых, вялікая колькасць манет наміналам 2 і 5 злотых, якія расіяне атрымлівалі ад пакупнікоў гіпермаркетаў. Таксама памежнікі знайшлі пашпарты абодвух расіян.

Сямейнай пары з Малдовы пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

ав