Беларуская Служба

Драма на мяжы. З Польшчы дэпартуюць мужчыну, які не хоча ў Беларусь — ён на нейтральнай паласе пад Брэстам

12.06.2024 09:39
Беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выправадзілі з Польшчы за парушэнне правілаў знаходжання ў Еўрасаюзе: яго дазвол на жыхарства ў Літве анулявалі за тое, што калісьці працаваў у турме.
Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласеmostmedia.io

Прэтэнзіі да Смактуновіча маюць і ўлады Польшчы — летась на мужчыну  заводзілі крымінальную справу за арганізацыю незаконнай міграцыі. Сам беларус пераконвае, што баіцца апынуцца ў Беларусі праз сваю грамадзянскую пазіцыю. З беларускага боку мяжы яго ўжо чакаюць сілавікі, а польскія памежнікі перакрылі ўезд, каб ён не мог патрапіць назад у Польшчу. Гісторыю Дзмітрыя распавяла MOST яго жонка Наталля.

UPD: Каля 11-й раніцы стала вядома, што Дзмітрый Смактуновіч перайшоў на беларускую тэрыторыю.  Пра гэта «Медыязоне» распавяла яго жонка.

Дзмітрыю 40 гадоў, ён родам з Бабруйска. З канца 2019 года беларус працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам у Еўропе, атрымаў часовы ВНЖ у Літве. Але перыядычна вяртаўся ў Беларусь з рэйсаў, апошні раз быў на радзіме ў 2022 годзе.

У лютым 2023 года Дзмітрый перабраўся ў Польшчу, а праз месяц да яго пераехала і жонка Наталля з трыма дзецьмі.

Як высветлілася, у красавіку 2023 года Смактуновіча затрымлівалі ў Польшчы за тое, што ён перавозіў мігрантаў, якія нелегальна траплялі ў Польшчу з літоўскага боку. Па словах жонкі, Дзмітрый супрацоўнічаў са следствам і расказаў пра іншых удзельнікаў схеме, таму яго судзімасць пагашаная.

Амаль год мужчына прапрацаваў у таксі ў Беластоку — плаціў падаткі і рабіў сацыяльныя выплаты ў ZUS.

11 чэрвеня 2024 года паліцыя спыніла беларуса для праверкі дакументаў. Высветлілася, што ў яго быў ануляваны літоўскі ДНЖ.

— Раніцай ён традыцыйна выехаў таксаваць. У 07:40 напісаў, каб я ехала на працу самастойна. Яго спыніла паліцыя для праверкі і ён можа затрымацца. У мужа было дазвол на працу, так што мы ні пра што не падазравалі.

У 10:30 Наталлі патэлефанаваў супрацоўнік польскай пагранслужбы і паведаміў, што Дзмітрый знаходзіцца на пагранпераходзе ў Цярэспалі. І ў іх дакументы на яго дэпартацыю.

— Не растлумачылі, чаму, проста паставілі перад фактам. Спыталі, ці ўсё я зразумела. Размаўлялі са мной па-руску, з акцэнтам. Не далі мне з ім паразмаўляць.

Яму не далі забраць з машыны рэчы, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і этапавалі на пагранпераход. Там яму падсунулі дакументы. З польскім у яго не вельмі добра. І ён усё падпісаў.

Пасля гэтага памежнікі адвялі Дзмітрыя ў нейтральную зону паміж Беларуссю і Польшчай. Тамака яго і пакінулі. Зміцер застаўся на мосце праз раку Буг, якая падзяляе Беларусь і Польшчу.

Пачакаўшы, пакуль зменіцца змена польскіх памежнікаў, Дзмітрый спрабаваў звярнуцца да іх і папрасіць аб міжнароднай абароне. Наталля кажа, што ў Беларусь яму вяртацца нельга праз грамадзянскую пазіцыю. Аднак гэта аказалася безвынікова.

У 01:42 Дзмітрый папрасіўся ў беларускі аўтобус і здолеў даехаць да польскага памежнага пераходу. Да 03:00 яму ўдалося патрапіць да польскіх памежнікаў, але ў 06:30 яго зноў вывезлі ў нейтральную зону. 

На нейтральнай зоне стаялі беларускія аўтобусы.

Было некалькі беларусаў, якія спачувалі, якія накармілі Дзмітрыя і далі яму зарадзіць тэлефон. Акрамя таго, ён прасіўся пагрэцца.

Мужчына лёгка апрануты — на ім куртка, футболка і лёгкія штаны — тое, у чым яго затрымалі з раніцы. Прывезці яму рэчы Наталля не можа — яна яшчэ не атрымала ДНЖ у Польшчы і не можа пакідаць краіну.

— Ён не ведаў, што ён нелегал, нам ніхто не паведаміў, — тлумачыць сітуацыю Наталля.

Пакуль муж чакае на нейтральнай паласе, Наталля пачала пошук юрыстаў.

— Юрысты мне кажуць, што калі б ён не падпісваў дакументы, то ў яго былі б шанцы, можна было б падключыць адваката, але зараз шанцаў няма. Але як не? Павінна быць нейкае выйсце! Мы простыя людзі, зорак з неба не хапаем, сумленна працуем і плацім падаткі, і хочам тут застацца.

Як стала вядома MOST, Дзмітрый быў занесены ў Літве ў спісы нядобранадзейных грамадзян, з-за гэтага яго ДНЖ анулявалі.

Наталля лічыць, што такое рашэнне прынялі з-за таго, што ў 2003 годзе ён працаваў дзяжурным у папраўчай калоніі. Яна кажа, што тады гэта бачылася спосабам пабудаваць ільготнае жытло. Але з жыллём не атрымалася, і Зміцер звольніўся. Прапрацаваў у калоніі мужчына менш за тры гады.

— Калі ён падаваўся ў Літве на ДНЖ, ён указаў у сваёй біяграфіі такія даныя — гэта ж было амаль 20 гадоў таму, ён быў малады і толькі прыйшоў з войска. Пару гадоў папрацаваў і звольніўся. І потым усё жыццё займаўся прадпрымальніцтвам, перавозкамі.


Зміцер з сям'ёй. Зміцер з сям'ёй. Фота: сямейны архіў


«Кіроўцы аўтобусаў перадалі, што яго ўжо чакаюць»

Зміцер актыўна каментаваў падзеі 2020 года ў сацсетках. Пасля апошняга адʼезду з Беларусі яму прыйшла позва з ваенкамата. Да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся мужчынам. А потым з ім звязаліся знаёмыя «з органаў» і рэкамендавалі па магчымасці не прыязджаць у Беларусь, таму што на яго ёсць нейкія матэрыялы.

Кіроўцы аўтобусаў сказалі Зміцеру, што на беларускім баку яго ўжо чакаюць супрацоўнікі КДБ.

Наталля кажа, што ў нейкім плане ён «сам спаліўся»: на тым баку зразумелі, што калі чалавек з такой упартасцю не хоча вяртацца ў Беларусь, значыць, ёсць прычыны яго затрымаць.

— Але з іншага боку, гуляць у рускую рулетку і ўязджаць у Беларусь таксама было нельга.

Польшча перакрыла мост

Між тым польскі бок перакрыў мост, каб мужчына не спрабаваў прарвацца ў Польшчу. Так ён аказаўся замкнёным у нейтральнай паласе. 

— Муж сказаў, што будзе стаяць да апошняга. Ён упарты, — кажа Наталля.

Дзмітрыю ўдалося звязацца з юрыстамі, на пагранпераход даслалі адваката.

Памежны камітэт Беларусі пацвердзіў, што польскі бок перакрыў рух транспартных сродкаў у абодвух напрамках з-за інцыдэнту з беларусам. «На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску Брэст (сумежны польскі - Цярэспаль) абцяжараны рух транспарту ў абодвух напрамках. Паводле папярэдніх звестак, гэта звязана з інцыдэнтам на польскім баку. Паводле наяўнай інфармацыі, польскія памежнікі не прапускаюць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і спрабуюць у прымусовым парадку выправадзіць яго са свайго боку на беларускую тэрыторыю», - паведамілі ў ведамстве.

З беларускага боку мяжы працуе беларускае тэлебачанне.

mostmedia.io/вх