Беларуская Служба

Амбасадар Украіны Кізім: Заявы беларускіх уладаў аб наступленні на Курскую вобласць — чарговая праява крывадушнасці

13.08.2024 15:44
«Чарговай праявай крывадушнасці» і «прыкладам цынізму» назваў пасол па асобых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім заяву беларускага МЗС адносна наступлення ВСУ ў Курскай вобласці РФ.
Украінскі дыпламат Ігар Кізімкрыніца: Новы час

На старонцы ў Facebook Ігар Кізім адзначыў, што МЗС Беларусі ў кантэксце аперацыі ВСУ заяўляе аб непрымальнасці атак на грамадзянскае насельніцтва, але з 2022 года не каментуе расійскую агрэсію на Украіну.

«Безумоўна, дзясяткі нот амбасады, мае асабістыя сустрэчы не маглі спыніць акты адкрытага расійскага тэрарызму, якія моўчкі падтрымлівалі беларускія ўлады. А цяпер беларускае ведамства загаварыла аб «асуджэнні дзеянняў украінскіх узброеных фарміраванняў», — падкрэсліў дыпламат.

На думку Кізіма, «гэта якраз той выпадак, калі б лепш назіралі моўчкі».

«Калі, безумоўна, гэта яшчэ магчыма, улічваючы ўсё большае ўцягванне ў расійскую арбіту і фактычную страту Беларуссю, як сказаў наш прэзідэнт, свайго дыпламатычнага суверэнітэту», — дадаў ён.

Беларускія ўлады выказалі падтрымку РФ, у Курскую вобласць якой у ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым устанавілі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выказаўся наконт сітуацыі 10 жніўня. Ён таксама абвінаваціў Узброеныя сілы Украіны ў парушэнні паветранай прасторы Беларусі, заявіў, што беларускія войскі збілі ў небе краіны некалькі мэт, і прыгразіў адказам.

Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў журналістам, што Беларусь праз тое, што адбылося, узмацняе групоўкі войскаў на мяжы з Украінай.

Пасля слоў Лукашэнкі МЗС Беларусі выказала занепакоенасць сітуацыяй у гэтым расійскім рэгіёне і салідарызавалася з яго жыхарамі, а таксама асудзіла Украіну за «бессэнсоўную авантуру».

12 жніўня кіраўнік Курскай вобласці Аляксей Смірноў на нарадзе ва Уладзіміра Пуціна заявіў, што пад кантролем ВСУ знаходзяцца 28 населеных пунктаў.

«Глыбіня пранікнення на тэрыторыю Курскай вобласці складае 12 кіламетраў, шырыня - 40 кіламетраў», — сказаў Смірноў.

Кіраўнік вобласці дадаў, што мясцовыя ўлады не ведаюць аб лёсе каля дзвюх тысяч чалавек, якія знаходзяцца ў падкантрольных ВСУ населеных пунктах Курскай вобласці.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню выказаўся аб аперацыі ВСУ ў Курскай вобласці ў відэазвароце па выніках 901-га дня вайны. «Расія прынесла вайну іншым, зараз гэта вяртаецца дадому. Украіна заўсёды хацела толькі міру, і мы абавязкова забяспечым мір», — заявіў ён.

Па дадзеных украінскага боку, яна кантралюе каля тысячы квадратных кіламетраў.

pozirk.online/вх